Мінск 05:37

Пуцін пажадаў “беларускім сябрам” паспяховага правядзення прэзідэнцкіх выбараў

Архіўнае фота: kremlin.ru

5 лістапада, Позірк. “Апошнім часам брацкія расійска-беларускія стасункі набылі сапраўды высокую дынаміку”. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на цырымоніі ўручэння даверчых грамат амбасадарамі 28 дзяржаў, якая прайшла ў Крамлі 5 лістапада, у тым ліку амбасадарам Беларусі Аляксандрам Рагожнікам.

“Дарэчы, у снежні спаўняецца 25 гадоў з дня падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, і ў Мінску пройдзе прымеркаванае да гэтага юбілею пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы”, — адзначыў Пуцін.

“Карыстаючыся выпадкам, пажадаю беларускім сябрам паспяховага правядзення запланаваных на студзень наступнага года прэзідэнцкіх выбараў”, — сказаў палітык.

Перад гэтым, звяртаючыся да амбасадараў краін СНД, якія ўручылі граматы (Беларусі, Кыргызстана, Арменіі і Азербайджана), Пуцін заявіў, што гэтыя дзяржавы “з’яўляюцца найбліжэйшымі суседзямі, самымі добрымі сябрамі, натуральнымі стратэгічнымі партнёрамі і хаўруснікамі Расеі”. “З іх лідарамі мы сустракаліся зусім нядаўна, у кастрычніку, у Маскве, падчас саміту СНД, яшчэ па традыцыі збяромся ў канцы снежня, каб падвесці вынікі года і намеціць планы на перспектыву”, — сказаў Пуцін.

“А ў 2025 годзе сумесна адзначым 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, унёсак у дасягненне якой зрабілі народы ўсіх дзяржаў Садружнасці”, — заявіў прамоўца.

Аляксандр Рагожнік прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 8 ліпеня пасля ўручэння копій даверчых грамат у МЗС Расіі. Вялікая колькасць амбасадараў, якія ўручылі Пуціну граматы 5 лістапада, тлумачыцца тым, што папярэдняя цырымонія адбылася амаль год таму, 4 снежня.

25 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Расіі будуць “вельмі ўважліва сачыць” за ходам выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі.

“Я ўпэўнены, што ўсе будуць падтрымліваць у Расіі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі]. Тут наўрад ці могуць быць нейкія сумневы”, — сказаў Пяскоў.

Пры гэтым, паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца “абсалютнай справай Беларусі” (тут і далей арфаграфія першакрыніцы захаваная).

“Галоўнае — гэта не падтрымка Расіі, галоўнае — гэта той выбар, які зробіць народ нашай брацкай Беларусі”, — адзначыў прэс-сакратар Пуціна.

Кажучы пра намер Лукашэнкі балатавацца, прадстаўнік Крамля падкрэсліў, “як высока прэзідэнт Пуцін і наогул шмат хто ў Расіі цэняць яго ролю ў развіцці Беларусі як суверэннай дзяржавы, як дзяржавы, якая ўдзельнічае ў Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі”.

“Цяжка пераацаніць ролю Аляксандра Рыгоравіча і ў развіцці інтэграцыйных працэсаў. Вядома ж, усім добра вядомыя асаблівыя сяброўскія даверныя адносіны лідараў нашых дзвюх краін”, — сказаў Пяскоў.

Наконт магчымага паўтарэння ў Беларусі падзей 2020 года ён заявіў: “Мы ведаем, што нашы беларускія сябры вынеслі неабходныя ўрокі, атрымалі досвед багаты па выніках тых самых падзей, што з’яўляецца залогам непаўторнасці ў далейшым такіх сітуацый”.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп скончыўся 1 лістапада, усяго было зарэгістравана 7 груп, якія з 7 лістапада па 6 снежня будуць збіраць подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава і Сяргея Сыранкова (пералічаныя ў парадку рэгістрацыі).

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова, Юрыя Губарэвіча, Дыяны Кавалёвай і Віктара Куляша.

Падзяліцца: