Мінск 11:14

Восьмы год запар лістапад у Беларусі цяплейшы за норму

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 снежня, Позірк. Восьмы год запар лістапад у Беларусі цяплейшы за норму, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белгідрамета.

У мінулым лістападзе сярэдняя тэмпература склала +2,6 градуса, перавысіўшы норму на 1 градус.

Апошні раз заключны месяц восені быў халаднейшым, чым звычайна, ў 2016 годзе (на 0,7 градуса).

У 2017 годзе лістапад стаўся цяплейшым за норму на 1,9 градуса (+2,7 супраць +0,8), у 2018-м — на 0,1 (+0,9 супраць +0,8), у 2019-м — на 3,3 (+4,2 супраць +0,9), у 2020-м — на 2,9 (+3,8 супраць +0,9), у 2021-м — на 2,4 (+3,3 супраць +0,9), у 2022-м — на 0,4 (+2 супраць +1,6), у 2023-м — на 0,3 (+1,9 супраць +1,6).

Найбольшае перавышэнне нормы ў мінулым месяцы адзначана на поўначы — у Віцебскай вобласці (на 1,7 градуса, месцамі на 2 і больш), найменшае — у Брэсцкай вобласці (на 0,4).

Цяплей звычайнага было ва ўсіх трох дэкадах: на 1 градус у першай (+4,7 супраць +3,7), на 0,9 у другой (+2,6 супраць +1,7), на 1,3 градуса ў трэцяй (+0,7 супраць -0,6).

Максімальная тэмпература зафіксаваная 1 лістапада ў Пружанах (+15,9), мінімальная — 23 лістапада ў Ашмянах (-8,8).

Ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +5 градусаў у бок паніжэння (заканчэнне вегетацыйнага перыяду) на большай частцы тэрыторыі краіны адбыўся ў пачатку лістапада, што пазней, чым звычайна, на 4-11 дзён.

За месяц у сярэднім выпала 34 мм ападкаў (34 л вады на квадратны метр тэрыторыі), што склала 74% кліматычнай нормы. Ападкі размеркаваліся нераўнамерна: ад 50-75% нормы на паўднёвым захадзе да 100-125% — на паўночным усходзе.

Ападкі выпадалі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. На працягу месяца снежнае покрыва неаднаразова стваралася і разбуралася, адзначае Белгідрамет. Максімальная вышыня снегу склала 22 см — 23 лістапада ў Касцюковічах. На апошні дзень месяца снежнае покрыва практычна паўсюдна адсутнічала, за выключэннем асобных станцый, дзе яго вышыня склала ад менш за 0,5 см да 8 см (Мсціслаў).

На ўсёй тэрыторыі адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру да 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць (24 м/с) зарэгістраваная ў Слаўгарадзе, Навагрудку (2 лістапада), Горках і Клічаве (4 лістапада).

Кастрычнік 2024 года ў Беларусі быў цяплейшым за норму на 1,5 градуса (+8,3 супраць +6,8) і заняў 9-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найцяплейшага да найхаладнейшага з 1945 года. Вышэй за норму сярэдняя тэмпература ў кастрычніку, як і ў лістападзе, нязменна фіксуецца з 2017 года.

Падзяліцца: