Мінск 09:07

За 11 месяцаў 2024 года найбольш значна падаражэлі чырвоная ікра, бульба, курсы кіравання аўтамабілем

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

31 снежня, Позірк. Чырвоная ікра, бульба і курсы кіравання аўтамабілем сталіся лідарамі па падаражэнні за 11 месяцаў 2024 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Белстата.

Пры агульным росце спажывецкіх цэн на 4,57% кошт чырвонай ікры павялічыўся на 40,74%, бульбы — на 25,26%, курсаў кіравання — на 25,94%.

Сярод усесезонных харчовых тавараў, якія агулам падаражэлі на 5,07%, у тройцы лідараў акрамя чырвонай ікры аліўкавы алей (+24,32%) і шакалад (+21,49%). Сярод сезонных акрамя бульбы таксама салодкі перац (+19,70%) і часнык (+14,80%).

Патаннелі сярод усесезонных тавараў толькі грачаныя крупы (-12,85%), цукар (-0,35%) і воцат (-0,15%). У лідарах па зніжэнні цэн сярод сезонных тавараў агурцы (-25,88%), белакачанная капуста (-23,33%) і рэпчатая цыбуля (-15,70%).

Нехарчовыя тавары за студзень — лістапад 2024 года сталі даражэйшымі ў сярэднім на 3,56%. У тройцы — штомесячныя часопісы (+20,46%), ювелірныя вырабы (+13,44%) і штотыднёвыя газеты (+11,46%). Больш за ўсё патаннелі ваўняная і паўшарсцяная пража (-3,00%), сродкі для мыцця вокнаў, пліткі, выдалення цвілі (-2,82%) і фарба для валасоў (-2,66%).

У сферы паслуг акрамя курсаў кіравання значней за ўсё выраслі ў кошце квіткі ў тэатр (+22,38%) і цырк (+19,99%). Патаннелі толькі ацяпленне (-2,87%) і рытуальныя паслугі (-2,62%).

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: