Урад зацвердзіў канцэпцыю лічбавага суверэнітэту для “мінімізацыі санкцыйнага ціску”
15 студзеня, Позірк. Канцэпцыю забеспячэння суверэнітэту ў сферы лічбавага развіцця да 2030 года зацвердзіў урад Беларусі. Адпаведная пастанова № 1074 апублікаваная 15 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент, як заяўляецца, “адлюстроўвае бачанне развіцця” Беларусі “ва ўмовах хуткай дынамікі лічбавых пераўтварэнняў у свеце, узнікнення новых рызык, выклікаў і пагроз лічбаваму развіццю дзяржавы”.
Канцэпцыя накіраваная на фарміраванне “адзінай тэхнічнай і тэхналагічнай палітыкі, вызначае асноўныя складнікі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у сферы лічбавага развіцця з улікам нацыянальных інтарэсаў”.
Пад лічбавым суверэнітэтам у пастанове разумеецца “неад’емнае права дзяржавы кіраваць дзяржаўнай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктурай і інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць над імі кантроль, <…> праводзіць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную палітыку ў сферы лічбавага развіцця”.
У 10-старонкавым дакуменце выкладзены комплекс мер па забеспячэнні лічбавага суверэнітэту Беларусі, хоць утрымліваецца адсылка да “сусветнага вопыту”, які “паказвае, што дасягненне поўнай аўтаномнасці дзяржавы ў сферы лічбавага развіцця немагчыма”.
Адной з матывацый прыняцця канцэпцыі названы “санкцыйны ціск”, які “выяўляецца ў абмежаванні паставак тавараў і паслуг сектара інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ), а таксама ў пагрозах увядзення другасных санкцый у дачыненні да традыцыйных гандлёвых партнёраў”.
Сярод праблем Беларусі ў гэтай сферы згадваецца “высокая ступень выкарыстання арганізацыямі імпартных апаратных і праграмна-апаратных сродкаў, імпартнага ПЗ у лічбавай інфраструктуры, неліцэнзійнага ПЗ”. Адзначаецца, што гэта “абумовіла дамінаванне імпартных праграмных рашэнняў у лічбавай інфраструктуры і залежнасць ад іх”.
Пры гэтым, як падкрэсліваецца, беларуская ІТ-сфера “не можа цалкам задавальняць запыты дзяржаўнага сектара”, бо яна “не адпавядае патрэбам галін” і ў асноўным арыентаваная на экспарт.
Акрамя гэтага, у краіне “не сфарміраваныя ўмовы для ўтрымання айчынных распрацоўшчыкаў ПЗ”, у тым ліку таму, што арыентацыя кампаній на заходні рынак прывяла “ва ўмовах санкцыйнага ціску” да масавай рэлакацыі спецыялістаў за мяжу.
Таксама звяртаецца ўвага на ўсё больш вострую кадравую праблему ў ВНУ, бо “педагагічная дзейнасць з’яўляецца непрывабнай для ІТ-спецыялістаў з прычыны невысокай зарплаты і бюракратызацыі”.
Асноўнымі кірункамі лічбавага суверэнітэту аўтары канцэпцыі называюць фарміраванне нарматыўнай прававой базы ў гэтай сферы; прыняцце неабходных арганізацыйна-распарадчых мер; развіццё нацыянальнай ІТ-індустрыі ў частцы распрацоўкі айчыннага ПЗ; стымуляванне навукова-даследчага сектара; развіццё кадравага патэнцыялу і інш.
Дэталізуючы, складальнікі дакумента прапануюць прымаць нарматыўныя акты, якія рэгулююць пытанні “прыярытэтнага выкарыстання айчыннага ПЗ”, яго стварэнне і распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі, тэхнічную падтрымку, суправаджэнне, абнаўленне і мадыфікацыю.
Неабходна таксама прыняцце мер па імпартазамяшчэнні “крытычна важных інфармацыйна-тэхналагічных рашэнняў для арганізацый краіны”, “абмен кампетэнцыямі і паспяховымі практыкамі ў галіне лічбавага развіцця з партнёрамі з дружалюбных краін”.
Падкрэсліваецца важнасць стварэння нацыянальнага рэестра айчыннага ПЗ, “мінімізацыі рызык сыходу з рынку арганізацый — распрацоўшчыкаў і пастаўшчыкоў ПЗ”, дыверсіфікацыі крыніц паставак высокатэхналагічнага абсталявання, “паўторнага выкарыстання ПЗ, распрацаванага за кошт бюджэтных сродкаў”.
Рашэнне кадравых праблем аўтары дакумента бачаць ва ўдасканаленні навучальных планаў і праграм пры падрыхтоўцы спецыялістаў, стварэнні “платформаў і кантэнту для павышэння лічбавай пісьменнасці і росту прафесійных кампетэнцый супрацоўнікаў”, стварэнні “сеткавага адукацыйнага цэнтра развіцця прафесійна-тэхнічных кампетэнцый ў галіне лічбавага развіцця на базе існуючых устаноў вышэйшай адукацыі”.
Вынікам рэалізацыі палажэнняў канцэпцыі, на думку ўрада, павінны стаць сярод іншага “высокая ступень цыфравізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання, эканомікі, сацыяльнай сферы”, “мінімізацыя рызык санкцыйнага ціску”, “высокі ўзровень ІТ-кампетэнцый кіраўнікоў і работнікаў незалежна ад сферы дзейнасці арганізацыі”, “лічбавая пісьменнасць насельніцтва” і інш.
Кіраўнік Мінсувязі заявіў аб планах стварэння айчынных вэб-браўзэра і аперацыйнай сістэмы
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваТРВОД чакае, што на Вадохрышча ў вадаёмы акунецца 300 тыс. чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУраджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца ў гадавым выражэнні восем месяцаў запар — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14 студзеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка