Мінск 20:23

Прэзідэнт Сербіі заявіў пра “дзяржаўнае майстэрства” Лукашэнкі, сцвярджаюць дзяржСМІ

Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вучыч у Бялградзе (3 снежня 2019 года)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

28 студзеня, Позірк. Упэўненасць у тым, што “дзяржаўнае майстэрства” Аляксандра Лукашэнкі “будзе садзейнічаць працвітанню краіны” і “развіццю двухбаковых стасункаў у галінах узаемнага інтарэсу” выказаў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, віншуючы Аляксандра Лукашэнку з “перавыбраннем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

“Асабліва хачу выказаць падзяку за прынцыповую пазіцыю і даказаную падтрымку Рэспублікі Беларусь і асабіста вас у пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Сербія”, — цытуюць Вучыча беларускія дзяржаўныя медыя. Сербскія ўрадавыя крыніцы пра гэта не паведамляюць.

Сербія з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз. У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаванняў. Напрыканцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент набыў моц 10 ліпеня 2021 года.

Раніцай 28 студзеня таксама стала вядома, што на адрас Лукашэнкі паступілі віншаванні ад прэзідэнтаў Нікарагуа і Туркменістана, увечары 27 студзеня — ад прэзідэнта Кубы.

Да гэтага паведамлялася пра віншаванні ад лідараў Расіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Азербайджана, Кыргызстана, Венесуэлы, КНР, Пакістана і В’етнама.

Такім чынам, агульная колькасць краін, кіраўнікі якіх павіншавалі беларускага палітыка з “перавыбраннем”, дасягнула 14.

Паводле даных Цэнтрвыбаркама, на мерапрыемстве 26 студзеня, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, Лукашэнка атрымаў 5.136.293 голаса (86,82%), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) — 189.740 (3,21%), Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) — 119.272 (2,02%), Ганна Канапацкая (былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года) — 109.660 (1,8%), Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) — 102.729 (1,74%). Супраць усіх прагаласавала 213.277 выбаршчыкаў (3,60%).

Канчатковыя вынікі выбараў-2025 будуць падведзены 3 лютага.

Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый ужо заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі.

Падзяліцца: