Мінск 14:51

Упершыню за апошнія чатыры гады люты быў халаднейшы за норму

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

7 сакавіка, Позірк. Упершыню за апошнія чатыры гады люты быў халаднейшым за норму, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз справаздачы Белгідрамета за мінулы месяц.

Сярэдняя тэмпература склала 4,5 градуса марозу, што на 1 градус ніжэй за норму. Люты 2024 года быў цяплейшы за норму на 5,2 градуса (+1,7 супраць -3,5) і заняў другое месца ў шэрагу метэаназіранняў пасля 1945 года.

У лютым 2023 года сярэдняя тэмпература перавысіла норму на 2,1 градуса (-1,4), 2022-га — на 3,8 (+0,3).

Тэмпература лютага 2021 года была на 2,2 градуса ніжэй за норму, якая тады складала -4.3 градуса (-6,5).

Найхаладнейшай дэкадай лютага 2025 года была другая — у сярэднім 7 градусаў марозу пры норме -3,7.

Самая халодная ноч — 17 лютага ў раёне метэастанцыі “Палеская” (-22 градусы).

За месяц выпала менш за траціну нормы ападкаў (32%, 12 мм, або 12 л у пераліку на ваду на квадратны метр тэрыторыі). Па сухасці мінулы люты заняў трэцяе месца пасля 1945 года. На першым — люты 1972 года (8 мм).

У Лідзе, Барысаве, Мар’інай Горцы і Мсціславе абноўленыя гістарычныя месячныя мінімумы сумы ападкаў, адзначае Белгідрамет.

Самай сухой у краіне была трэцяя дэкада лютага — 1 мм ападкаў пры норме 12 мм.

У першай дэкадзе сакавіка прыкметна пацяплела. 6 сакавіка на ўсіх метэастанцыях краіны абноўленыя тэмпературныя рэкорды.

Падзяліцца: