Мінск 09:47

Беларусь прадставіць у МАГАТЭ даклад па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі

16 сакавіка, Позірк. Даклад па абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі прадставіць у штаб-кватэры Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у Вене (Аўстрыя) дэлегацыя Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Гэта адбудзецца падчас нарады па выкананні адпаведнай міжнароднай канвенцыі 17–-28 сакавіка.

Адзначаецца, што ў беларускую дэлегацыю для ўдзелу ў нарадзе ўключаныя прадстаўнікі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд), Мінэнерга, Аб’яднанага Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” Нацыянальнай акадэміі навук. Узначаліць дэлегацыю кіраўніца Дзяржатамнагляду Вольга Лугаўская.

“У рамках нарады будзе разгледжаны нацыянальны даклад Беларусі аб выкананні канвенцыі за перыяд з 2021 па 2024 гады, у тым ліку ключавыя вынікі праведзенай работы па развіцці заканадаўчай і нарматыўна-прававой базы, фарміраванні сістэмы кіравання радыеактыўнымі адходамі і яе навукова-тэхнічным забеспячэнні, удасканаленні інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і яе кампанентаў, умацаванні кадравага патэнцыялу і іншых напрамках”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама “ўвага будзе нададзена супрацоўніцтву з МАГАТЭ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі на этапах будаўніцтва, уводу ў эксплуатацыю і эксплуатацыі Беларускай АЭС, а таксама ў рамках плануемага да рэалізацыі праекта па ўзвядзенню пункта пахавання радыеактыўных адходаў”, адзначылі ў Мінэнерга. “Беларуская дэлегацыя прадставіць вобласці, у якіх быў дасягнуты прагрэс у рамках выканання абавязацельстваў па канвенцыі, праінфармуе аб лепшых практыках, а таксама пастаўленых задачах”, — заявілі ў ведамстве.

“Падчас падрыхтоўкі да нарады беларускі бок адказаў на пытанні іншых краін па дакладзе — усяго іх паступіла 90. Таксама вывучаныя нацыянальныя даклады іншых дзяржаў і сфарміраваныя 225 пытанняў да іх”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Аб’яднаная канвенцыя аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і радыеактыўнымі адходамі была заключана пад эгідай МАГАТЭ ў 1997 годзе. Да яе далучыліся 92 дзяржавы, у тым ліку — у 2003 годзе — Беларусь.

20–21 лістапада 2024 года ў Беларусі працавала інспекцыя МАГАТЭ, якая правярала выкананне Мінскам міжнародных абавязацельстваў у сферы атамнай энергетыкі.

“20 лістапада на беларускай АЭС і 21 лістапада ў навуковай установе “АІЭЯД-Сосны” праходзяць чарговыя планавыя інспекцыі МАГАТЭ, у рамках якіх запланавана правядзенне фізічнай інвентарызацыі ядзернага матэрыялу і праверка вядзення справаздачнай дакументацыі”, — паведамляў тады Дзяржатамнагляд.

Аперацыйныя працы, якія праходзяць на беларускай АЭС, “цалкам адпавядаюць міжнародным нормам і стандартам”, заявіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі пасля візіту на станцыю 1 кастрычніка.

11 верасня стала вядома, што расійскі нацыянальны аператар па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (ФГУП “НА РАТ”, уваходзіць у склад дзяржаўнай карпарацыі “Расатам”) у 2025 годзе прапануе Беларусі на разгляд тры пляцоўкі для ўзвядзення пункта пахавання радыеактыўных адходаў з Беларускай АЭС.

Літва неаднаразова выказвала трывогу наконт бяспекі БелАЭС. Увесну гэтага года Вільнюс правёў вучэнні дзяржаўнага ўзроўню па забеспячэнні грамадзянскай бяспекі ў выпадку ядзернай аварыі на станцыі.

Збудаванне БелАЭС ля Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудавана па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: