Мінск 20:54

Генпракуратура хоча “абудзіць” і “ўдасканаліць” у грамадзянах “ген патрыятызму”

Сяргей Шыкунец
Стоп-кадр відэазапісу прэс-канферэнцыі: "Позірк"

21 сакавіка, Позірк. Работа па захаванні “гістарычнай памяці“ аб Вялікай Айчыннай вайне “праводзілася заўсёды і будзе праводзіцца кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну”. “Толькі тады мы сфармуем у грамадства ўстойлівую сувязь з мінулым, ажывім, абудзім, удасканалім ген патрыятызму, які ёсць у кожнага нашага грамадзяніна, пачынаючы з маленства і да састарэлага ўзросту“, — з такімі заявамі выступіў намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Сяргей Шыкунец на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка.

“Сярод моладзі ў першую чаргу мы змагаемся за розумы, за сэрцы моладзі, якія першарадна зведалі напад, кібератацы з боку не дружалюбных нам краін у спробах перапісвання гісторыі“, — заявіў супрацоўнік пракуратуры.

Дзяржаўная ідэалогія, як вынікае з яго слоў, пранікла не толькі ў школы, але і ў дзіцячыя садкі: “Мы ж не толькі навучаем нашу моладзь і працуем з ідэалагічнага пункту гледжання. Мы яшчэ заклапочаныя праблемай, думаем наперад, як цяперашняя моладзь будзе перадаваць гэтыя веды. Таму гэта ген патрыятызму. Мы яго абудзілі, удасканалілі, і ген ёсць у кожнага чалавека. Для таго каб гэта зрабіць больш эфектыўна, мы, пракурорскія работнікі, пайшлі нават у дзіцячыя садкі. Так, працуем з моладдзю, з усімі ўзроставымі пластамі насельніцтва. Выпускныя старэйшыя групы, 5-6 гадоў дзеткі. Спецыяльна распрацавана праграма, адаптаваная пад узрост. Гэта ўсё зразумела. “Ліст пра Беларусь“ называецца”.

“І вы ведаеце, калі дзіця не разумее, што такое гімн, натуральна, і слоў не ведае, але ён інтуітыўна правільна рэагуе на мелодыю гімна. Гэта ўжо прагрэс вось з гэтага ўзросту”, — з задавальненнем адзначыў прадстаўнік Генпракуратуры.

Ён паведаміў, што ў краіне працягнуцца працэсы над памерлымі “памагатымі нацыстаў, якія пайшлі ад адказнасці“ — “паколькі ў матэрыялах справы ёсць дастаткова звестак аб нацысцкіх памагатых, якія сышлі ад адказнасці“. Вынесеныя прысуды ў справах Уладзіміра Катрука, Канстанціна Смоўскага, завяршаецца працэс над Сямёнам Серафімовічам, сказаў Шыкунец.

Ён прызнаў, што “вось шмат хто ў грамадстве“ ставіць пытанне, “навошта гэта трэба”. “Па-першае, трэба юрыдычнае рашэнне, якое пацвярджае факт генацыду. Па-другое, мы такім чынам за кошт судовых рашэнняў, прынятых у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у тым ліку фармуем пачуццё непрыязнасці да нацызму, пачуццё асуджэння“, — заявіў прадстаўнік пракуратуры.

Паводле яго сцвярджэння, тэма генацыду запатрабаваная ў грамадстве, якое мае “жаданне атрымаць інфармацыю“.

Шыкунец прарэкламаваў створаныя пракуратурай прапагандысцкія фільмы “пра генацыд“, згадаўшы “Паралель БЧБ”, у якім апаненты рэжыму, прыхільнікі еўрапейскага шляху і нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу (“БЧБ”) прыраўноўваюцца да нацыстаў.

Паводле слоў пракурорскага работніка, у вольным доступе ёсць “відэазапіс паказанняў жывых сведак тых страшных падзей“. Шыкунец вольна ці міжволі назваў характар размоваў са сведкамі — “гэтыя допыты”.

“Гена патрыятызму” не існуе, гэты эўфемізм выкарыстоўваюць у Расіі прыхільнікі савецкай, сталінісцкай трактоўкі падзей Другой сусветнай вайны і агрэсіі РФ супраць Украіны. Апаненты называюць гэта “перамогавар’яцтвам” (“победобесием”). Пра неабходнасць “абудзіць” гэты “ген” Шыкунец у публічнай прасторы гаворыць як мінімум год.

Падзяліцца: