Мінск 05:59

Стрыжак: Спецслужбы прымушаюць блізкіх актывістаў выведваць інфармацыю пра жыццё эміграцыі

Иллюстративное фото: Damon Hall / unsplash.com

21 сакавіка, Позірк. Сябры і знаёмыя актывістаў беларускай дыяспары сталі “ахвярамі шантажу і ціску” з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

“Спецура прымушае блізкіх актывістаў уступаць з імі ў актыўныя кантакты і выведваць крытычна значную інфармацыю пра жыццё беларускай эміграцыі. За адмову пагражаюць турмой і пераследам”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

“Такія незаконныя дзеянні”, падкрэсліў Стрыжак, не толькі нясуць “значную пагрозу зліцця інфармацыі сілавікам, але яшчэ і падвышаюць недавер паміж людзьмі”.

Каб “знізіць рызыку і не ўваліцца ў параною”, кіраўнік BySol параіў звяртаць увагу на сяброў, што “праз доўгі перапынак раптам пачалі камунікаваць”, на характар пытанняў, якія задаюць “людзі з Беларусі”, а таксама “быць асцярожнымі ў абмеркаванні падрабязнасцяў працы”, калі яна звязаная з грамадскімі і палітычнымі структурамі.

Некалькі дзён таму на беларускім тэлебачанні выйшаў прапагандысцкі фільм “Чужое неба”, героямі якога стаў шэраг палітэмігрантаў, а таксама Юлія Брыкіна з Шклова (Магілёўская вобласць), якая вярнулася на радзіму з ЕС.

Паводле звестак “Нашай Нівы”, палітэмігрантаў, якія распавялі пра цяжкасці жыцця за мяжой, запісалі “падманным шляхам”. Адна з гераінь фільма паведаміла, што “паўдзельнічаць у здымках роліка для офіса Ціханоўскай” яе папрасіла знаёмая.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала “абуральным” выкарыстанне і падман людзей “ва ўразлівым становішчы” для стварэння прапагандысцкіх матэрыялаў. Паводле яе слоў, ператварэнне такіх людзей у інструмент прапаганды — “чарговае сведчанне таго, што рэжым абыякавы да чалавечага жыцця”.

19 сакавіка Стрыжак паведаміў пра смерць у Літве Станіслава Брыкіна — мужа згаданай гераіні фільма.

Падзяліцца: