Ціханоўская пра палонных беларускіх ваяроў: Мы сістэматычна ўзнімаем пытанні уключэння іх у спісы на абмен

22 сакавіка, Позірк. “Мы сістэматычна ўзнімаем пытанні ўключэння беларускіх добраахвотнікаў у спісы на абмены праз Міністэрства замежных справаў Украіны і Вярхоўную Раду”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў 1000-ы дзень знаходжання ваяроў палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева ў расійскім палоне.
“Я вельмі спадзяюся, што хутка яны атрымаюць шанец на вяртанне”, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале.
Дэмлідар падкрэсліла, што “ні сябры, ані сем’і не ведаюць, у якіх умовах трымаюць” палонных беларускіх ваяроў, “ці атрымліваюць яны ежу і ваду”, “ці маюць магчымасць спаць без страху за жыццё”, “ці ведаюць яны, што пра іх памятаюць, чакаюць”.
“У навінах пасля абмену палоннымі мы бачым, у якім стане вяртаюцца ўкраінскія вайскоўцы пасля жудасных умоваў у няволі, — канстатавала яна. — Гэтыя кадры цяжка глядзець і немагчыма забыць. Страшна нават уявіць, праз што праходзяць нашыя хлопцы, і які след — фізічны, псіхалагічны, эмацыйны — гэтыя катаванні пакідаюць на іх жыццях”.
Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў, нягледзячы на тое, што “тры гады вайны і жахаў нават самага стойкага чалавека спустошаць эмацыйна” і часам “вельмі хочацца адгарадзіцца ад гэтага болю: дыстанцыявацца, адпісацца ад стужак навінаў, выключыць прамыя ўключэнні з Украіны на “Ютубе”.
“Але гэтая вайна побач. Гэтая вайна — тут і цяпер. І як бы балюча ні было ўсведамляць яе жах, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Трэба намагацца не згубіць спачування і салідарнасці. Трэба памятаць пра тых, хто цяпер у палоне, на фронце, у беларускіх турмах, і падтрымліваць іх і іх сем’і, нават маленькімі дзеяннямі. Бо маўчанне і абыякавасць — гэта тое, чаго хоча і на што спадзяецца вораг. А нашая сіла — у еднасці”, — заявіла палітык.
Ян “Тромблі” Дзюрбейка і Сяргей “Клешч” Дзёгцеў трапілі ў палон пасля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года.
11 ліпеня 2023 года Валерый Сахашчык, які тады займаў пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, паведаміў журналістам у Вільнюсе, што, паводле яго інфармацыі, Дзюрбейка і Дзёгцеў жывыя.
Летась 7 кастрычніка “пракуратура” так званай “данецкай народнай рэспублікі”, паведаміла, што Дзюрбейка завочна прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Вырак вынес “вярхоўны суд” гэтага сепаратысцкага ўтварэння на анэксаванай Расіяй тэрыторыі Украіны. Тады адзначалася, што 28-гадовы грамадзянін Беларусі прызнаны вінаватым паводле ч. 3 ст. 359 КК РФ (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце).
За некалькі месяцаў да выраку Генпракуратура РФ заявіла, што Дзюрбейка “абвешчаны ў міжнародны вышук, у дачыненні да яго судом завочна абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту”.
На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары 23 лістапада ў Вільнюсе камандзір палка Каліноўскага Павел “Дзядзька” Шурмей сказаў, што пра двух палонных байцоў, “на жаль, больш як за два гады няма ніякіх звестак”. Камандзір ПКК не стаў нават меркаваць, жывыя яны ці не. Разам з тым ён паведаміў, што абодва палонныя байцы “заяўленыя ў абменны фонд”.

- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаВа ўдзельнікаў сацапытанняў Беларускай аналітычнай майстэрні адбыліся ператрусы, ёсць затрыманыя (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаАбранне Латвіі ў Савет Бяспекі ААН дае магчымасць уключыць Беларусь у яго парадак дня — ВячоркаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаВячорка: Канферэнцыя ў Лондане — гэта магчымасць абмеркаваць інструменты ціску на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 3 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваСтаршыня "Беллегпрама" Лугіна лічыць неабходным "упарадкаваць" працу дызайнераў адзення (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў траўні 2025 года знізіўся на 0,7%, з пачатку года — на 13,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка