Мінск 03:38

У дзень інаўгурацыі Лукашэнкі ўлады абмяжуюць доступ да інтэрнэту

Крыніца: pixabay.com

24 сакавіка, Позірк. Па распараджэнні Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) беларускія хостынг-правайдэры абмяжуюць доступ да інтэрнэту з-за межаў краіны ў перыяд з 19 гадзін 24 сакавіка да 23:59 гадзін 25 сакавіка 2025 года. Пра гэта паведамляе найбуйнейшы рэгістратар даменаў у Беларусі, правайдэр IT-інфраструктуры кампанія hoster.by.

“Гэтая мера выкліканая неабходнасцю абароны ад патэнцыйных пагроз аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што “карыстальнікі знешніх вэб-сэрвісаў папярэджаныя аб магчымых абмежаваннях у даступнасці рэсурсаў”.

Папярэдні раз сёлета доступ да інтэрнэт-рэсурсаў з-за мяжы блакаваўся з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня, што супадала з правядзеннем 26 студзеня электаральнай працэдуры, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі называе “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў тады ў сацыяльных сетках, што “большасць сайтаў у байнэце (больш за 90%) размяшчаецца менавіта на віртуальным хостынгу”. Такім чынам,“з-за мяжы на беларускія сайты (большасць) будзе не зайсці”.

На 25 сакавіка запланаваная сёмая інаўгурацыя Лукашэнкі. Таксама ў гэтым дзень дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады амаль цалкам заблакавалі інтэрнэт на тры дні.

Падзяліцца: