Беларускі экспарт у ААЭ за тры гады вырас больш чым у 60 разоў — даныя дзяржСМІ

27 чэрвеня, Позірк. Па выніках 2024 года тавараабарот паміж Беларуссю і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі склаў 3,7 млрд долараў, у тым ліку беларускі экспарт — 3,66 млрд.
Пра гэта паведаміла дзяржагенцтва БелТА, інфармуючы аб сустрэчы 27 чэрвеня ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі з наследным прынцам Абу-Дабі, старшынёй Выканаўчага савета Абу-Дабі шэйхам Халедам бен Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.
Адзначаецца, што “са студзеня да красавіка гэтага года назіраецца некаторае зніжэнне аб’ёмаў гандлю таварамі, але расце гандаль паслугамі — амаль 98 млн долараў (плюс 22% да паказчыкаў за аналагічны перыяд мінулага года)”.
Прамыя інвестыцыі з ААЭ ў Беларусь за мінулы год перавысілі 242 млн долараў, павялічыўшыся ў тры разы ў параўнанні з 2023-м. У студзені — сакавіку гэтага года яны выраслі да 306,3 млн долараў, што стала другім паказчыкам па аб’ёме сярод усіх краін, гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з апошняй на сёння інфармацыяй на сайце амбасады Беларусі ў ААЭ, у 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 79,9 млн долараў ЗША, уключаючы беларускі экспарт — 58,7 млн долараў.
Асноўнымі артыкуламі экспарту тады былі прадукцыя нафтахіміі, грузавыя аўтамабілі, харчовыя прадукты.
Аб’ём двухбаковага гандлю паслугамі ў 2021 годзе склаў 211,5 млн долараў, уключаючы беларускі экспарт на суму 164,5 млн долараў. Асноўнымі відамі экспартных паслуг былі транспартныя паслугі.
У 2021 годзе прамыя інвестыцыі ў эканоміку Беларусі з ААЭ склалі 59,4 млн долараў. Агульны аб’ём назапашаных эмірацкіх інвестыцый у беларускую эканоміку перавышаў на той час 320 млн долараў.
Такім чынам, за тры гады беларускі экспарт у ААЭ вырас у 62,35 раза, аб’ём прыцягваемых на чыстай аснове штогадовых інвестыцый — у 4,1 раза.
Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што падчас праведзенай 27 чэрвеня сустрэчы беларускі палітык адзначыў, што кампаніі з ААЭ “ўдзельнічаюць у будаўніцтве на ўскраіне Мінска разумнага горада, узвялі ў рамках гэтага праекта маштабны выставачны цэнтр”, а “сімвалам супрацоўніцтва і сяброўства паміж краінамі стане і новы гасцінічны комплекс, пабудаваны на вуліцы Янкі Купалы на беразе Свіслачы”.
Таксама Лукашэнка прапанаваў пастаўляць у ААЭ беларускую “якасную прадукцыю, пачынаючы ад прадуктаў харчавання да машынабудаўнічай прадукцыі”. Ён таксама “папрасіў перадаць прывітанне прэзідэнту ААЭ і дадаў, што яго чакаюць у Беларусі ў любы час”.
Перад сустрэчай Лукашэнкі і наследнага прынца Абу-Дабі Беларусь і ААЭ падпісалі міжурадавае пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый.
9 чэрвеня стала вядома, што Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб эканамічным партнёрстве Еўразійскага эканамічнага саюза з ААЭ. Чакаецца, што яно будзе падпісана 27 чэрвеня ў Мінску, дзе праходзіць пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Падобнае пагадненне ЕАЭС мае з Кітаем.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЭксперт: Беларуская адукацыя за апошнія пяць год істотна каланізаваная Расіяй (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаАгульная плошча жылля, пабудаванага з дзяржпадтрымкай для маючых патрэбу, за чатыры гады зменшылася амаль на 40% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаУ Беларусі другі месяц запар зніжаецца колькасць занятых у эканоміцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства