Мінск 10:17

32-гадовая жанчына загінула ў Магілёве праз падзенне дрэва падчас начной рыбалкі — СК

Фота: СК

10 ліпеня, Позірк. Да гібелі жанчыны ў Магілёве 10 ліпеня прывяло падзенне дрэва падчас непагадзі, гэта адбылося каля 2 гадзін ночы на рацэ Днепр, паведамляе Следчы камітэт (СК).

Паводле інфармацыі ведамства, 32-гадовая жанчына разам з мужам напярэдадні вечарам прыехала на рыбалку. “Падчас начной непагадзі яны схаваліся пад дрэвам. Моцны вецер паваліў яго на плед, дзе знаходзіліся муж і жонка”, — адзначае СК.

“Ратавальнікі, якія прыбылі, дасталі пацярпелую без прытомнасці. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі канстатавалі яе смерць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паведамляецца, што “па гэтым факце праводзіцца праверка, высвятляюцца ўсе абставіны здарэння”.

Пра гібель жанчыны паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адзначалася, што ад паваленых непагаддзю дрэў у Магілёве пацярпелі таксама чатыры чалавекі, у іх ліку падлетак 2010 года нараджэння, яны шпіталізаваныя.

“У перыяд з 1:50 да 3:30 [у ноч на 10 ліпеня] з прычыны праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 23 м/с на тэрыторыі Магілёва і Магілёўскага раёна пашкоджаныя дахі розных будынкаў, зафіксаваныя выпадкі падзення дрэў”, — заявіла ведамства.

Раней Мінэнерга паведамляла, што энергетыкі “ўзмоцнена працуюць” над аднаўленнем электразабеспячэння ў пацярпелых ад навальніцы і шквалістага ветру ў ноч на 10 ліпеня населеных пунктах.

Паводле даных ведамства, па стане на 6 гадзін раніцы гаворка ідзе пра больш чым 60 населеных пунктах. Адключэння электраэнергіі назіраліся “ў большай ступені ў Віцебскім і Магілёўскім рэгіёне і ў самім горадзе Магілёў”.

Для часовага электразабеспячэння спажыўцоў у рэгіёны накіраваны дызель-генератарныя ўстаноўкі.

9 ліпеня МНС паведамляла, што навальнічны фронт з парывамі ветру да 23 метраў за секунду, які прайшоў па Віцебскай вобласці з 17 да 18 гадзін, пашкодзіў 29 будынкаў у вёсцы Вархі Гарадоцкага раёна.

Паводле звестак, Белгідрамета, днём 10 ліпеня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы, месцамі моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с. Па ўсходзе краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30–34°С. У Мінску днём чакаецца навальніца. Ведамства захавала аранжавы ўзровень небяспекі гідраметэаралагічных з’яў.

Падзяліцца: