Мінск 12:32

Латушка: Калі мы не будзем бараніць сваю духоўную незалежнасць, нам навяжуць чужую

25 ліпеня, Позірк. “Калі мы не будзем бараніць сваю духоўную незалежнасць, нам навяжуць чужую”, — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка з нагоды рашэння Сіноду РПЦ, якім Беларускую праваслаўную царкву абавязалі паўсюдна ўказваць прыналежнасць да Маскоўскага патрыярхату.

“Гэта зусім не пытанне кананічнай фармальнасці. Гэта чарговае сведчанне таго, што Крэмль працягвае ўспрымаць веру не як духоўную сферу, а як інструмент палітычнага і ідэалагічнага кантролю”, — адзначыў палітык.

Патрабаванне падкрэсліваць “Маскоўскі патрыярхат” у кожнай назве — гэта “не што іншае, як спроба дэманстратыўна зацвердзіць уладу Расіі над духоўнай прасторай нашай краіны”, лічыць ён.

“У Крамлі добра разумеюць: трэба дамагчыся таго, каб у Беларусі не засталося сваёй духоўнай тоеснасці, — адзначыў экс-дыпламат. — РПЦ рэагуе на любыя праявы самастойнасці з боку БПЦ з падазрэннем. Калі царква не дэманструе поўную лаяльнасць і залежнасць — яе адразу спрабуюць “паставіць на месца”.

На яго думку, такія публічныя заявы — “гэта не проста напамін, гэта адкрытая спроба прынізіць беларускіх святароў і яшчэ раз паказаць, хто галоўны”: “І гэта, дарэчы, датычыцца не толькі царквы. У іншых сферах расійскі бок часта робіць выгляд, што гаворка ідзе пра “супрацоўніцтва”, але ў рэальнасці гаворка ідзе толькі пра кантроль. Расія не бачыць у праваслаўі глыбіні духу, спадчыны ці любові да чалавека. Яна бачыць у ім выключна інструмент. Інструмент для прасоўвання сваёй імперскай палітыкі. І гэта ўсё — пад покрывам веры”.

Як паведмлялася, Сінод РПЦ на пасяджэнні 24 ліпеня прыняў рашэнне “нагадаць” БПЦ, што “афіцыйныя назвы“ беларускага экзархата, а таксама яго “кананічных структур — епархій, прыходаў, манастыроў, падворкаў і іншых” павінны ўтрымліваць словазлучэнні “Руская праваслаўная царква” або “Маскоўскі патрыярхат”.

Сінод пастанавіў, што ў выпадку адсутнасці згаданых словазлучэнняў у назвах БПЦ і яе кананічных структур, “такія назвы варта прывесці ў адпаведнасць з гэтым азначэннем”.

20 верасня 2024 года стала вядома, што Беларускі экзархат РПЦ, які мае юрыдычную назву “Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне “Беларуская праваслаўная царква”, першым прайшоў перарэгістрацыю, прадугледжаную законам “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” ад 30 снежня 2023 года.

Зараз у БПЦ уваходзяць 17 епархій.

Падзяліцца: