Мінск 19:08

Беларусь мае “лішкі электраэнергіі”, пры гэтым будзе “абавязкова пабудаваная” другая АЭС, заяўляе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба БелАЭС

2 верасня, Позірк. Пра намер “абавязкова пабудаваць” другую АЭС у Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 верасня ў Пекіне на сустрэчы з кіраўніцтвам кітайскай кампаніі “Шаньдун Лісэнтэ Агратэхналоджы”, якая спецыялізуецца, у прыватнасці, на будаўніцтве цяпліц.

“У нас прымальны кошт прыроднага газу, лішкі электраэнергіі (мы плануем пабудаваць другую атамную станцыю, мы яе абавязкова пабудуем). Таму вы можаце сур’ёзна разгарнуцца ў Беларусі, на нашым рынку”, — цытуе беларускага палітыка яго прэс-служба.

Лукашэнка не патлумачыў, навошта патрэбная другая АЭС пры “лішках электраэнергіі” і “прымальным” кошце газу, які выкарыстоўваецца для генерацыі на многіх беларускіх электрастанцыях.

Адзначаецца, што палітык запрасіў кітайскі бок скарыстацца згаданымі ім “канкурэнтнымі перавагамі” Беларусі і інвеставаць у будаўніцтва цяплічных камбінатаў.

Лукашэнка не ўпершыню некарэктна заяўляе пра наяўнасць “лішку” электрычнасці. Аб’ём электраэнергіі, якая вырабляецца і спажываецца, заўсёды знаходзіцца ў балансе. У Беларусі маецца лішак усталяванай магутнасці аб’ектаў энергетыкі — патэнцыял вытворчасці электрычнасці вышэйшы за фактычную генерацыю.

16 жніўня міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз заявіў, што ведамства, якое ён узначальвае, рыхтуецца прадставіць Савету міністраў абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі.

Паводле слоў чыноўніка, разглядаюцца два варыянты: дадаць трэці блок магутнасцю 1.200 МВт на Беларускай АЭС альбо збудаваць “новую атамную электрастанцыю недзе на асобнай тэрыторыі”.

На пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці 14 жніўня Мароз заяўляў, што Мінэнерга знаходзіцца “ў стадыі дэталёвага абмеркавання тэхніка-эканамічнага абгрунтавання збудавання новай АЭС або трэцяга энергаблока на дзейнай”.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная на падставе расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га; у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

На працягу апошніх гадоў Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта.

14 сакавіка, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, ён заявіў, што Беларусі “трэба будзе больш электраэнергіі”, таму ўлады ў Мінску “папрасілі расіян, калі маецца магчымасць, пабудаваць другую электрастанцыю”.

Паводле яго слоў, другую АЭС можна пабудаваць на “ўсходніх межах”: “Калі раптам што, Бранскую і іншыя вобласці, і новыя рэгіёны Расіі мы можам забяспечыць электрычнасцю”. Пад “новымі рэгіёнамі” ён, відавочна, меў на ўвазе анексаваныя РФ тэрыторыі Украіны.

31 сакавіка Мароз паведаміў, што Беларусь рыхтуецца да тэхнічных перагавораў з РФ пра будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі.

У сярэдзіне красавіка кіраўнік другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў РФ Аляксей Палішчук заявіў у інтэрв’ю МІА “Россия сегодня”, што “цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі або дадатковага, трэцяга, энергаблока ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, або новай двухблочнай АЭС у Магілёўскай вобласці”.

Паводле яго слоў, профільныя ведамствы Беларусі і РФ сфармавалі працоўную групу для абмеркавання тэхнічных і фінансавых умоў праекта.

Падзяліцца: