Мінск 17:29

Лукашэнка: Зяленскі сказаў, што старыя мы тут з Пуціным, шэпчамся па кутах на шкоду іншым — глупства поўнае

Фота: прэс-служба Крамля

30 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў некаторых краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў адрэагаваў на рэпліку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб яго ўзросце.

“Вы — генералы ў эканоміках сваіх краін, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я чалавек ужо… Як нядаўна сказаў тут мой калега, якога сваім сынам лічыў, Валодзя Зяленскі, старыя мы тут з [прэзідэнтам Расіі Уладзімірам] Пуціным, дзесьці там шэпчамся па кутах на шкоду іншым. Глупства поўнае”.

На яго думку, Еўразійскі эканамічны саюз павінен стаць “прыкладам пабудовы трывалых эканамічных сувязяў на прынцыпах адкрытасці і ўзаемнай выгады”.

Ён запэўніў, што Беларусь будзе і далей “актыўна садзейнічаць умацаванню партнёрства паміж краінамі і развіццю інтэграцыі ва ўсіх формах”.

Галоўнае, падкрэсліў прамоўца, гэта эканоміка, а ўсё астатняе “можна выбудаваць на гэтым падмурку”.

“Гэта актуальна для нас цяпер, як бы мы тут ні пышыліся, — заявіў Лукашэнка. — Розныя падыходы ёсць у дзяржаў, прэм’еры якіх [на гэтай сустрэчы] іх прадстаўляюць, па эканамічных пытаннях… Давайце захаваем нашы эканамічныя адносіны, наш эканамічны падмурак. А калі патрошку будзем дадаваць, нешта беручы на іншых рынках, — гэта добра”.

Паводле яго слоў, цяпер ідзе “перадзел свету” і “канкурэнтная бітва, барацьба”: “Хацелася б, каб у гэтай барацьбе мы выстаялі. А выстаяць толькі можам разам”.

Цэнтральная роля ў гэтых працэсах належыць Расіі, падкрэсліў Лукашэнка: “Яна павінна ўнесці галоўны ўклад, каб склеіць, аб’яднаць, не даць разваліцца ў гэты час нашым саюзам. Яна павінна адыграць у гэтым плане сваю ролю. А мы павінны не проста дэманстраваць, а рухацца ў гэтым кірунку”.

Зяленскі падчас відэавыступу на Варшаўскім форуме бяспекі 29 верасня адрэагаваў на прапанову Лукашэнкі пагаварыць аб спыненні вайны на “выгадных умовах” Расіі.

Паводле слоў украінскага лідара, яму “складана рэагаваць на тое, што кажа Лукашэнка”.

“Ён жыве ў сваім свеце. Ён сам яго пабудаваў, ізаляваўся і жыве ўжо тры дзесяцігоддзі ў гэтым доме, доме, які ён пабудаваў. Але гэты дом памерам з краіну. Я хацеў бы, каб ён памятаў, што яго краіна незалежная. Ён жыве ў сваім свеце, але часам Пуцін наведваецца ў гэты свет. І яны пра нешта размаўляюць — два даволі сталыя мужчыны. Таму каментаваць складана. Хай гаворыць”, — сказаў Зяленскі, выклікаўшы смех у зале.

26 верасня пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве Лукашэнка заклікаў Зяленскага пагадзіцца на прапанаваныя РФ нібыта “выгадныя для яго ўмовы міру”. Ён таксама заявіў, што згаданыя ўмовы “ўвогуле былі ўхваленыя амерыканцамі, яны ўзялі паўзу, каб падумаць”.

“Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы не пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што было ў пачатку СВА (спецыяльная ваенная аперацыя; так Лукашэнка ўслед за Пуціным называе вайну ва Украіне. — “Позірк”.). Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну. Трэба было спыніцца, і тады ўвесь усход быў бы ўкраінскім, акрамя Крыма. Не, не спыніліся — страцілі ўсход. Цяпер не спыняцца (з майго пункту гледжання — чалавека, глыбока пагружанага ў гэтую сітуацыю) — яны страцяць усю Украіну”, — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што хацеў бы паразмаўляць з Зяленскім да гіпатэтычнай сустрэчы таго з Пуціным, бо яму “ёсць што сказаць” прэзідэнту Украіны: “Кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў трэба сесці і дамовіцца аб заканчэнні гэтай незразумелай вайны. Не дамовімся — будзе дрэнна ўсім”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе частка расійскіх войскў знаходзілася ў Беларусі — асабісты склад і тэхніка засталіся на яе тэрыторыі пасля вайсковых вучэнняў “Саюзная рашучасць”.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

Падзяліцца: