Мінск 10:30

У Мінск прыбыла новая кіраўніца амбасады Германіі Катрын аўс дэм Зіпен

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com

3 кастрычніка, Позірк. Амбасаду ФРГ у Беларусі ўзначаліла Катрын аўс дэм Зіпен. Дыпламат прыбыла ў Мінск “акурат у час, каб узяць удзел у прыёме” 1 кастрычніка з нагоды Дня германскага адзінства, вынікае з паведамлення нямецкага дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Да прызначэння ў Мінск Катрын аўс дэм Зіпен узначальвала палітычны дэпартамент амбасады Германіі ў Францыі, а перад гэтым займала розныя пасады ў знешнепалітычным і абаронным ведамствах краіны. У 2006–2009 гадах працавала ў палітычным дэпартаменце амбасады Германіі ў Маскве, раней — у дыппрадстаўніцтвах краіны ў Люксембургу і Шанхаі.

2 кастрычніка прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову, у адпаведнасці з якой Канстанцін Чыжык зменіць на пасадзе дарадцы-пасланніка амбасады ў Германіі Андрэя Шупляка. Ва ўмовах адсутнасці амбасадара дарадца-пасланнік выконвае функцыі часовага паверанага ў справах. Раней Чыжык узначальваў упраўленне Еўропы ў Галоўным упраўленні Еўропы і Паўночнай Амерыкі Міністэрства замежных спраў.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 кастрычніка нямецкі народ з Днём германскага адзінства, назваў аб’яднанне краіны, што адбылося 35 гадоў таму, адной з найбольш значных падзей у гісторыі сучаснай Еўропы. Ён заклікаў немцаў разам з іншымі грамадзянамі краін ЕС “здымаць памеждыя ды іншыя бар’еры ў мэтах аднаўлення двухбаковых стасункаў” і разам з беларусамі “мудра рабіць крокі насустрач адзін аднаму”.

У ліпені стала вядома, што дыпламат Андрэа Віктарын завяршыла працу ў якасці часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі, прапрацаваўшы на гэтай пасадзе менш за год (была прызначаная ў верасні 2024 года).

У 2000–2003 гадах Віктарын была пастаянным прадстаўніком амбасады ФРГ у Мінску, у 2015–2019 гадах узначальвала прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі.

28 траўня на дзяржканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім беларускія сілавікі абвінавацілі рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданняў “Вольнае Глыбокае” (Віцебская вобласць), “Бабруйск Інфа” і “Вячэрні Бабруйск” (Магілёўская вобласць) у тым, што яны нібыта пісалі замоўныя матэрыялы пра Германію і атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне ад нямецкай амбасады.

Прапагандыст Ігар Тур сцвярджаў, што з 2020 года “нямецкая амбасада выдаткавала каля 226 тысяч долараў на артыкулы рэкламнага характару, якія ўслаўляюць нібыта цудоўную Германію ў параўнанні з нібыта менш цудоўнай Беларуссю”.

Таксама ў сюжэце згадвалася выданне з Горак (Магілёўская вобласць) “Узгорак”, якое спыніла выхад у 2022 годзе і нібыта таксама супрацоўнічала з амбасадай Германіі.

Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя Венгрыі і Славакіі, якія прызначылі амбасадараў, узначальваюцца часовымі паверанымі ў справах.

Падзяліцца: