Мінск 13:19

Пракуратура раскрытыкавала стан чыгуначных мастоў і шляхоў у Гродзенскай вобласці

Фота: прэс-служба Генпракуратуры

6 кастрычніка, Позірк. Пры ўтрыманні і эксплуатацыі чыгуначных мастоў і шляхоў у Дзятлаўскім і Лідскім раёнах не выконваліся патрабаванні тэхнічных нарматыўных актаў, адпаведныя факты выявіла пракуратура Гродзенскай вобласці.

Паводле інфармацыі прэс-службы Генеральнай пракуратуры, выяўленыя “неналежны стан і адсутнасць асобных мацавальных элементаў рэйкавых змацаванняў, а таксама дэфектныя жалезабетонныя шпалы, якія вымагаюць замены”. Падкрэсліваецца, што парушэнні “спрыяюць працяжнаму зрушэнню і перакосу шпал, парушэнню стабільнасці і падвышанаму зносу рэек, што можа стацца прычынай сходу цягніка або аварыі”.

Акрамя таго, некаторыя кабелі прылад сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання “часткова ў адкрытым стане”, што “не забяспечвае іх абарону ад атмасферных ападкаў і дае свабодны доступ для старонніх асоб, ствараючы пагрозу бяспецы руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту”.

Паводле даных пракуратуры, жалезабетонны сход з насыпу да апор аднаго з мастоў не абсталяваны парэнчамі, што не гарантуе бяспечны праход абслуговага персанала.

Яшчэ адзін прыклад — “на стыку верхняга марша прыступак і пралётнай пабудовы з правага боку пешаходнага моста маецца скразная адтуліна 16х4 см”. Не адноўленае асфальтавае пакрыццё ў месцах усталёўкі апор дзесяці свяцільняў.

Гродзенскі транспартны пракурор запатрабаваў ад упаўнаважаных службовых асоб ліквідаваць выяўленыя парушэнні.

Падзяліцца: