Мінск 18:34

Беларусь за восем месяцаў купіла ў Польшчы бульбы на 2,7 млн долараў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

13 лістапада, Позірк. У студзені — жніўні 2025 года Польшча паставіла ў Беларусь 6,52 тыс. тон бульбы на агульную суму 9,89 млн злотых (2,71 млн долараў па бягучым курсе), паведаміў партал topagrar.pl.

Беларусь стала чацвёртым пакупніком польскай бульбы за згаданы перыяд, у першую тройку ўвайшлі Украіна (57,11 тыс. т), Румынія (11,9 тыс.) і Малдова (9,92 тыс.).

Адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія цэны на гэты карняплод выклікалі шырокі грамадскі рэзананс увесну гэтага года.

8 траўня Аляксандр Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы, пазней ён зрабіў з гэтай нагоды некалькі заяў. У прыватнасці, звязаў недахоп прадукту ў Беларусі з палітыкай.

27 траўня ўрад зняў забарону на ўвоз з “недружалюбных краін”, да якіх належыць і Польшча, бульбы, рэпчатай цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў. Пры гэтым было заяўлена, што рашэнне з’яўляецца “адказам на чарговыя санкцыі ЕС“. З гэтага вынікае, што прыведзеная за восем месяцаў статыстыка ў дачыненні да Беларусі дэ-факта можа ахопліваць перыяд з канца траўня па канец жніўня.

Беларусь у жніўні 2025 года заставалася найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў сярод краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз.

Падзяліцца: