Польшча зняла забарону на ўезд бізнесмэну Машэнскаму — ён мае грамадзянства Кіпра

14 лістапада, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы 20 кастрычніка зняла раней уведзеную забарону на ўезд у краіну для беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага, вынікае з рашэння ведамства.
МУСіА спасылаецца на закон “Аб замежніках”, згодна з якім для грамадзян дзяржаў — членаў Еўрасаюза, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ) — удзельнікаў пагаднення аб Еўрапейскай эканамічнай прасторы або Швейцарскай Канфедэрацыі, а таксама членаў іх сем’яў, якія далучаюцца да іх або пражываюць разам з імі, не могуць быць уведзеныя абмежаванні на ўезд.
Праз тое, што ў набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Машэнскага і яго сям’і маецца грамадзянства Рэспублікі Кіпр, “немагчыма ўключыць яго даныя ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Польшчы з’яўляецца непажаданым”, і перадаць іх у Шэнгенскую інфармацыйную сістэму “для мэт адмовы ва ўездзе і знаходжанні”.
“Згодна з дзейным заканадаўствам, адзінай падставай для ўнясення даных грамадзяніна дзяржавы — члена Еўрапейскага саюза ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ёсць непажаданым, з’яўляецца вынясенне ў дачыненні да яго рашэння пра высылку ў сувязі з пагрозай нацыянальнай абароне або бяспецы або абароне грамадскай бяспекі і парадку”, — гаворыцца ў рашэнні ведамства.
Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца, што “змяненне аб’ёму мер”, якія прымяняюцца да Машэнскага, “не ўплывае на ацэнку міністрам унутраных спраў і адміністрацыі фактычных абставін, якія сведчаць пра тое, што гэта асоба адпавядае ўмовам уключэння ў спіс і на прымяненне астатніх мер”, пазначаных у рашэнні ад 9 ліпеня 2025 года.
Тады ўведзеныя ў дачыненні да Машэнскага санкцыі ўключалі замарожванне грашовых сродкаў і эканамічных рэсурсаў бізнесмэна ў Польшчы, забарону на наданне яму любых сродкаў і эканамічных рэсурсаў, выключэнне з працэдур дзяржаўных закупак ці конкурсаў. Такім чынам, усе гэтыя захады з боку Польшчы будуць захаваныя.
Аляксандр Машэнскі вядомы ў асноўным у малочным (“Савушкін прадукт”) і рыбаперапрацоўчым (“Санта Брэмар”) бізнесе. Займае 2-е месца ў топ-100 беларускіх бізнесменаў паводле версіі выдання “Беларусы і рынак”. Неаднаразова сустракаўся з Лукашэнкам, быў яго даверанай асобай на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.
Раней незалежныя СМІ адзначалі, што прадпрымальнік рэгулярна наведвае Польшчу, выкарыстоўваючы ў тым ліку аўтамабілі з дыпламатычнымі нумарамі (быў ганаровым консулам Ісландыі ў Беларусі).

- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 14 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


