Мінск 13:13

Лукашэнка заявіў пра “рэкордны” ўраджай збожжавых і зернебабовых — больш за 11 млн тон

16 лістапада, Позірк. Аб “рэкордным” ураджаі збожжавых і зернебабовых (з улікам рапсу) — больш за 11 млн тон — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні 16 лістапада з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

“Гэты год выдаўся экстрэмальна складаным праз пагодныя катаклізмы”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

“Стабільная праца ўсіх звёнаў АПК дазволіла выканаць дзяржаўны заказ па пастаўках збожжа, закласці насенны фонд, нарыхтаваць патрэбны аб’ём фуражу для жывёлагадоўлі, сабраць годны ўраджай тэхнічных культур, загрузіць магутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў”, — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзякуючы сабранаму ўраджаю “цалкам забяспечаная харчовая бяспека краіны, расце экспартны патэнцыял”.

“Такі высокі вынік стаў магчымым дзякуючы працы тысяч людзей, для якіх зямля — крыніца натхнення і сілы”, — гаворыцца ў віншаванні.

Год таму, паводле даных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аналагічны ўраджай склаў 10,3 млн тон.

Трэба “спыніць галасіць і плакацца, што ў нас на вёсцы не хапае людзей”, заявіў 11 лістапада Лукашэнка на ўручэнні ўзнагарод работнікам сельскай гаспадаркі.

“Усяго ў нас хапае, і пра гэта сведчыць цяперашні год, — сказаў ён. — Год быў вельмі цяжкім. Я ў сваім жыцці не магу ўзгадаць такога складанага і напружанага перыяду, які быў у гэтым годзе ў дачыненні да сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. <…> Вы спрацавалі значна лепш, чым у ранейшыя гады. Значна лепш, калі ўсё адбывалася навокал. <…> Таму трэба спыніць стагнаць, што ў нас у сельскай гаспадарцы шмат праблем. Кожны дзень мы да гэтага павінны быць гатовыя. Таму спыняем плакацца, пачынаем працаваць”.

Паводле слоў палітыка, па выніках 2025 года ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны чакаюцца “рэкордныя больш за 9 млрд долараў (калісьці, яшчэ ўчора, марылі пра 7 млрд)”.

Па выніках студзеня — верасня 2025 года Беларусь засталася на апошнім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па дынаміцы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У студзені Беларусь заняла 2-е месца ў ЕАЭС па гэтым паказчыку, у студзені — лютым — 4-е, студзені — сакавіку — 4–5 месца (разам з РФ), студзені — красавіку, студзені — траўні, студзені — чэрвені, студзені — ліпені і студзені — жніўні — апошняе.

 З 2019 па 2024 год колькасць работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый Беларусі скарацілася на 15,6%, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У 2019 годзе ў гэтых арганізацыях налічвалася 280,3 тыс. работнікаў, 2020-м — 267,4 тыс. (-4,6% у параўнанні з папярэднім годам), 2021-м — 259,4 тыс. (-3%; -7,5% у параўнанні з 2019-м), 2022-м — 251,3 тыс.(-3,1%; -10,4%), 2023-м — 246,5 тыс. (-1,9%; -12,1%), 2024-м — 236,7 тыс. (-4%; -15,6%).

Шэраг негатыўных з’яў зафіксаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) па выніках праведзенага ў першай палове верасня маніторынгу ходу восеньскіх работ у сельскагаспадарчых арганізацыях.

Выяўленыя недахопы выклаў у службовым лісце ўраду намеснік старшыні КДК Станіслаў Наркевіч. Копію дакумента ад 18 верасня 2025 года прадаставіла “Позірку” аб’яднанне BelPol.

Адзначалася, што на 18 верасня азімыя збожжавыя былі пасеяныя ў гаспадарках на 499,8 тыс. га (33% ад плана), або на 89% да аналагічнай даты мінулага года. “Пры існуючых тэмпах сяўбы на яго завяршэнне ў сярэднім па краіне спатрэбіцца яшчэ больш за 23 дні, а ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — больш за 30 дзён, што не дазволіць правесці сяўбу азімых збожжавых культур у аптымальныя тэрміны (у паўночных рэгіёнах да 25 верасня, а ў паўднёвых — да 5 кастрычніка)”, — паведамляў Наркевіч.

Сітуацыю, якая склалася, ён тлумачыў “прастоямі тэхнікі <…> праз недахоп механізатараў, а таксама яе няспраўнасцю”.

Факты негатоўнасці тэхнікі да палявых работ КДК выявіў у 10 правераных арганізацыях, адсутнасць механізатараў — у трох.

18 ліпеня падчас селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі з удзелам Лукашэнкі КДК, Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных спраў праінфармавалі, што ў некаторых рэгіёнах дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай: выяўлены няспраўныя камбайны і зернесушыльныя комплексы, частка адрамантаваных камбайнаў не прайшла дзяржтэхагляд.

Прагучала інфармацыя аб тым, што збожжаўборачныя камбайны не гатовыя да працы практычна ў кожнай трэцяй з правераных гаспадарак, у асобных арганізацыях да рамонту не прыступалі “праз адсутнасць запасных частак і механізатарскіх кадраў”, “не падрыхтаваныя склады для прыёмкі ўраджаю”.

Беларусь за восем месяцаў купіла ў Польшчы бульбы на 2,7 млн долараў

13 лістапада, Позірк. У студзені — жніўні 2025 года Польшча паставіла ў Беларусь 6,52 тыс. тон бульбы на агульную суму 9,89 млн злотых (2,71 млн долараў па бягучым курсе), паведаміў партал topagrar.pl. Беларусь стала чацвёртым пакупніком польскай бульбы за згаданы …

Падзяліцца: