Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб свабодным гандлі з Інданезіяй
24 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў “у якасці асновы для правядзення перамоў” праект пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам (і яго дзяржавамі — членамі) і Інданезіяй.
Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 24 лістапада, паведамляе яго прэс-служба.
“Дакумент накіраваны на спрашчэнне ўзаемнага гандлю і развіццё супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і Інданезіяй як важным гандлёвым партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі. Заключэнне гэтага пагаднення дасць магчымасць атрымаць дадатковую канкурэнтную перавагу для прадукцыі Беларусі як дзяржавы — члена ЕАЭС, стварыць умовы для пашырэння экспартных паставак, забяспечыць эканомію на выплаце мытных пошлін”, — гаворыцца ў паведамленні.
На правядзенне перамоў па праекце пагаднення і яго падпісанне ўпаўнаважаны ўрад.
Беларусь “мае ўсе магчымасці”, каб “уносіць значны ўклад” у забеспячэнне харчовай бяспекі Інданезіі, заявіў амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Раман Раманоўскі ў інтэрв’ю дзяржгазеце “Рэспубліка” (апублікавана 19 верасня).
Беларусь таксама здольная забяспечыць дзяржаву ў Паўднёва-Усходняй Азіі калійнымі ўгнаеннямі, “якія выступаюць асновай для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур”, пастаўляць сельгастэхніку.
“Беларуска-інданезійскі тавараабарот з сярэдзіны 1990-х гадоў (1,8 мільёна долараў у 1995-м) да цяперашняга часу вырас у сотні разоў”, — сказаў дыпламат.
Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, хоць, паводле версіі прэс-службы прымаючага боку, абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.
Двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва абмеркавалі ў Мінску 28 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсудзін.
5–7 жніўня краіну наведаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцяў”.
Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.
Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% ў параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).
Лукашэнка наведваў Інданэзію ў 2013 годзе.
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЗа чатыры гады колькасць пабудаваных кватэр зменшылася на 14,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаЦіханоўская аб вызваленні палітвязняў: Спадзяюся, у найбліжэйшыя тыдні будуць добрыя навіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля трох тыдняў зацішша мігранты зноў паспрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка


