Мінск 12:21

Кіраўнік МЗС Літвы: Новыя сектаральныя санкцыі — адзіна магчымы адказ на гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота: tv3.lt

3 снежня, Позірк. “Адзіна магчымым адказам на гібрыдныя атакі” з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца ўвядзенне “новых, жорсткіх сектаральных санкцый супраць Беларусі”, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 2 снежня на сустрэчы ў Брусэлі з дэпутатамі Еўрапарламента, якія прадстаўляюць краіну.

Паводле слоў міністра, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, аказваючы ціск на Літву, рэжым Лукашэнкі дамагаецца “легітымацыі на міжнароднай арэне”.

“Вялікая ўвага” на сустрэчы была нададзеная “мерам рэагавання Літвы на нацыянальным узроўні і на ўзроўні ЕС у сувязі з нядаўнім гібрыдным нападам на <…> краіну з боку рэжыму Лукашэнкі”, гаворыцца ў паведамленні.

2 снежня новыя санкцыі ў дачыненні да Мінска анансавала пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам кіраўнік Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.

“Сітуацыя на мяжы з Беларуссю пагаршаецца, пачашчаюцца выпадкі ўварвання кантрабандных паветраных шароў у паветраную прастору Літвы, — адзначыла яна. — Падобная гібрыдная атака з боку рэжыму Лукашэнкі цалкам непрымальная. Мы па-ранейшаму цалкам салідарныя з Літвой”.

Генеральная пракуратура Літвы 1 снежня пачала расследаванне па факце аказання дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяннях, накіраваных супраць краіны. Ідзецца пра кантрабанду цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў.

Як паведамляў “Позірк”, 30 лістапада стала вядома пра чарговыя “часовыя абмежаванні паветранай прасторы” над аэрапортам Вільні.

Пасля аднаўлення працы памежных пераходаў Літва ўжо пяць разоў прыпыняла працу аэрапорта ў Вільнюсе праз новыя метэазонды, якія ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

У канцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў узмацніць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) імкнецца гэтага пазбегнуць. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: