Мінск 12:33

Лукашэнка: Літоўцы ўжо дасталі

Трансляцыя: news.by / стоп-кадр: "Позірк"

19 снежня, Позірк. Аб адмове ісці на саступкі Літве заявіў Аляксандр Лукашэнка на VII Усебеларускім народным сходзе, адказваючы на пытанні яго ўдзельнікаў.

Паводле яго слоў, Вільнюс змяніў рыторыку пасля візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск (12-13 снежня): “Яны чакалі, што амерыканцы на нас націснуць. І яны (дэлегацыя. — Позірк.) уздымалі гэтае пытанне (пра фуры, заблакаваныя ў Беларусі. — Позірк.)“. Аднак, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, дэлегацыя ЗША ўспрыняла яго аргументы ў спрэчцы з Літвой.

“А дзе тут саступаць? Мы ўжо саступалі, далей няма куды. Трэба спыніцца. Яны выдатна павінны разумець: ніякія немцы, амерыканцы за іх ваяваць не будуць, калі мы развяжам канфлікт“, — сказаў Лукашэнка.

“Яны ўжо дасталі, перш за ўсё расіян, — працягнуў прамоўца. — То тое тарпедуюць, то гэта. Цяпер Калінінград: разбамбім, забярэм і г.д. Яны ўжо дасталі. Але і калінінградцы нам не чужыя людзі. Таму, ну, мы церпім. Хы, з Пуціным абмяркоўваем гэтае пытанне — ну, церпім. Ну, не хацелася б, каб цярпенне калісьці лопнула. Нам ні ў якім выпадку нельга“.

На думку Лукашэнкі, калі ў рэчаіснасці цяперашнія спрэчкі Еўропы і ЗША з’яўляюцца “спектаклем, які яны разыгрываюць“, “то дарэчы ім развязаць канфлікт Беларусі з палякамі і літоўцамі“.

“Але палякі не дурні, <…> літоўцы таксама далёка не дурні — народ [а не ўлада], і ён не дазволіць развязаць гэты канфлікт, што і стрымлівае палітыкаў, не тое геяў, не тое яшчэ кагосьці там. Народы стрымліваюць іх”, — заявіў Лукашэнка (геямі “з пункту гледжання палітычнага“ былі названыя прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы Дональд Туск і Радаслаў Сікорскі Юрыем Васкрасенскім — былым актывістам штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах-2020, цяпер прапагандыстам рэжыму, які ставіў адно з пытанняў).

Пасля гэтага Лукашэнка зноў пачаў пагражаць Літве: “Але так гэта ўсё аналізуючы, я думаю, ім бы было выгадна развязаць тут канфлікт. Нам з расіянамі было б няпроста. А каб зноў наша зямля не загарэлася, як гэта было 85 гадоў таму, трэба ўжываць страшную зброю“.

“Для таго, каб разабрацца з Літвой, шмат часу не трэба, любымі метадамі“, — мяркуе Лукашэнка, які ў 2022 годзе, перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Публічна сцвярджаў, што тая пратрымаецца тры-чатыры дні.

“Нікуды яны не падзенуцца ,мы яго знойдзем (дыпламатычнае рашэнне. — Позірк.). А літоўскі народ памяняе ўладу ў чарговы раз, і прыйдуць нармальныя, разумныя людзі: ад рабочых, сялян там і г.д., а не гэтыя шарлатаны, якія наогул не ўяўляюць [нікога]”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: