Мінск 15:58

Пад варту ўзята не менш за 163 фігуранты “справы Беларускага Гаюна” — праваабаронцы

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

19 студзеня, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае пацверджаную інфармацыю сама меней пра 163 узятых пад варту фігурантаў “справы Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі).

19 студзеня праваабаронцы ў чарговы раз адзначылі, што агульная колькасць затрыманых значна большая, а самі затрыманні адбываюцца па ўсёй краіне дагэтуль. Таксама ўдакладняецца, што некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад заклад.

“Суды па справе Гаюна адбываюцца літаральна кожны дзень — у асноўным фігурантам справы прызначаюць “хатнюю хімію” (абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. — “Позірк”.), але вядома і пра выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі”, — гаворыцца ў рэлізе.

12 студзеня паведамляла пра 162 пацверджаных фігурантаў гэтай справы.

28 ліпеня 2025 года праваабаронцы заяўлялі, што затрымана не менш за 33 чалавекі, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53; 7 верасня — 61, 29-га — 78; 13 кастрычніка — 88, 17-га — 106, 28-га — 111; 1 лістапада — 115, 11-га — 122, 25-га — 124, 17 снежня — 127.

Большасць фігурантаў гэтай справы мужчыны. У віну ставіцца арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

Летась у чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

Падзяліцца: