Мінск 17:43

1,6 тыс. беларусаў прызнаныя ў 2025 годзе ў Літве асобамі, якія ўяўляюць пагрозу дзяржбяспецы, — амаль утрая больш, чым годам раней

Фота: freepik.com

21 студзеня, Позірк. Пагрозай дзяржаўнай бяспецы ў Літве прызнаныя ў 2025 годзе 1.634 грамадзяніны Беларусі, паведаміў Дэпартамент па міграцыі пры МУС балтыйскай дзяржавы.

Адпаведныя рашэнні, як адзначаецца, прынятыя “пасля ацэнкі сабранай публічнай і непублічнай інфармацыі, а таксама даных, атрыманых ад Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі”.

У паведамленні гаворыцца, што колькасць беларусаў, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы, павялічылася амаль у тры разы ў параўнанні з 2024 годам, калі такія рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да 598 беларускіх грамадзян.

Адзначаецца, што ў дачыненні да 1.023 беларусаў з 1.634 (62,6%) прынятыя рашэнні не працягваць (не замяняць) дазвол на часовае пражыванне ў краіне пасля заканчэння тэрміну яго дзеяння.

391 беларусу (23,9%) не выдадзеныя дазволы на часовае пражыванне ў Літве пры першасным звароце ў 2025 годзе.

Анулявана 214 (13,1%) раней выдадзеных грамадзянам Беларусі дазволаў.

Астатнія 6 выпадкаў датычацца дазволаў не на часовае, а на пастаяннае пражыванне: у 2025 годзе аднаму грамадзяніну Беларусі было адмоўлена ў яго выдачы, а ў пяці такія дакументы былі ануляваныя.

Як раней паведамляў “Позірк”, дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 студзеня 2026 года мела 50.286 грамадзян Беларусі.

На пачатак 2025 года ў краіне налічвалася 57.511 беларускіх грамадзян з адпаведным дазволам. Такім чынам, за год іх колькасць скарацілася на 7.225, або на 12,56%.

На пачатак 2026 года часовы від на жыхарства мелі 46.122 беларусы (-7.406 за год), пастаянны — 3.958 (+185), часовую карту рэзідэнцтва ЕС — 130 (-7), пастаянную — 76 (+3).

Таксама ў 2025 годзе грамадзяне Беларусі падалі 83 заявы аб атрыманні прытулку ў Літве.

У згаданым годзе статус бежанца быў прадастаўлены 104 грамадзянам Беларусі (заявы маглі быць пададзены раней) — на 10,3% менш, чым у 2024-м (116), і на 67,1% менш, чым у 2023-м (316). Дадатковую абарону за тры папярэднія гады атрымаў толькі адзін чалавек — у траўні 2025-га.

Рашэнне выдаць часовы від на жыхарства замест прытулку ў 2025 годзе было прынята ў дачыненні да 5 беларусаў (у 2024-м і 2023-м — па 3).

У той жа час адмова ў прадастаўленні прытулку летась была выдадзена 39 грамадзянам Беларусі — на 44,3% менш, чым у 2024-м (70), і на 31,6% менш, чым у 2023-м (57).

За тры гады быў спынены разгляд 80 хадайніцтваў беларусаў аб прадастаўленні прытулку (у 2025 годзе — 9, у 2024-м — 35, у 2023-м — 36).

Падзяліцца: