Мінск 16:29

Па многіх “адчувальных таварах” цэны выраслі істотна больш, чым афіцыйная інфляцыя — Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

17 лютага, Позірк. Па многіх “адчувальных для простых людзей” таварах цэны “выраслі ў істотна большым памеры, [чым афіцыйная інфляцыя]”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лютага, заслухоўваючы справаздачу Савета міністраў па выніках 2025 года.

“Паўтараю тым, хто не разумее, — людзі ядуць прадукты, а не статыстыку, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Таму кантроль за цэнамі мае быць жорсткім, а іх фармаванне справядлівым”.

Зводную лічбу Белстата (рост цэн на 6,8% пры заданні 5%) ён разглядае як “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”.

Кажучы пра даходы насельніцтва, спікер падкрэсліў, што “рост рэальнага заробку апярэджвае прадукцыйнасць працы (у 2025-м прадукцыйнасць працы вырасла на 1%, рэальны заробак — на 9%)”. “Гэтая тэндэнцыя цягнецца не першы год. Якая цана такому дабрабыту, які мы выпінаем як дасягненне?” — задаў ён пытанне ўдзельнікам сустрэчы.

Паводле слоў Лукашэнкі, гандаль таварамі на экспарт амаль увесь мінулы год быў “горшым за папярэдні”. З адмоўных значэнняў “выбраліся толькі ў лістападзе — снежні”: “Здавалася б, можна ганарыцца вынікам — выканалі экспартны план пяцігодкі. Вось толькі заданні па экспарце канкрэтных тавараў, якія вы самі ж сабе вызначаеце, летась не выкананыя нават напалову”.

Незадаволены ён і станам спраў на ўнутраным рынку: “Дзе вашыя стратэгіі, агрэсіўныя механізмы абароны, рэклама, маркетынг? Страчваць свой рынак — гэта злачынства. За 5 гадоў доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку знізілася з 60% да 54%”.

У апошнія гады, лічыць Лукашэнка, урад перастаў займацца зніжэннем затрат, сабекоштам і эканоміяй.

Узгадаў ён таксама і пра вынікі працы Савета па стратэгічных праектах, у які ўваходзяць навукоўцы, міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў: “Ад гэтай структуры я не бачыў ні магутных ініцыятыў, ані дробных праектаў. Што з прапаноў Савета ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця на пяцігодку? Пакуль бачым толькі працэс, зведзены да пасяджэнняў і справаздачам самім сабе”.

Палітык канстатаваў, што ў Беларусі “хранічна нізкі ўзровень укаранення навуковых распрацовак”. Да высокатэхналагічных прамысловых вытворчасцей, падкрэсліў ён, “нельга аднесці нават 10%”.

Падзяліцца: