Мінск 18:45

Інфляцыя ў лютым складзе 0,3%, прагназуе МАРГ

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

26 лютага, Позірк. Цяпер сітуацыя са спажывецкімі коштамі знаходзіцца ў “рамках вызначаных прагнозных параметраў”, таму “ўсё падкантрольна”, заявіла дзяржСМІ першая намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская.

“Будзем старацца, каб і ў далейшым вытрымаць пастаўлены рытм. Па лютым мы ацэньваем інфляцыю на ўзроўні 0,3%”, — падкрэсліла чыноўніца.

Паводле яе слоў, часткова спрагназаваць інфляцыю дапамагае аўтаматызаваная сістэма аналізу цэн. Хоць цяпер у гэтую сістэму ўключаныя толькі тры паказчыкі, летась яна дапамагла “пралічыць цэны на баршчавы набор”, заявіла Васілеўская, выказаўшы меркаванне, што эфектыўнасць будзе расці “па меры павелічэння падкантрольных паказчыкаў”.

“Цяпер з пункту гледжання кантролю мы пакрысе пачынаем адаптаваць гэту сістэму пад сябе. Так, ёю трэба займацца больш глыбока і прадметна, пашыраць лінейку тавараў, прадстаўленых там”, — адзначыла першая намесніца кіраўніка МАРГ.

Варта адзначыць, што 17 лютага, заслухоўваючы справаздачу ўрада, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў гэтую сістэму. Палітык нагадаў, што стварэнне новай аўтаматызаванай сістэмы аналізу цэн першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў анансаваў два гады таму — пасля “гучных цэнавых разборак”.

Адзначыўшы, што ў пілотным рэжыме сістэма працуе ўсяго па трох “не самых адчувальных таварах”, Лукашэнка падкрэсліў, што “сродкі на яе распрацоўку былі затрачаныя немалыя — 5,1 мільёна рублёў”. Акрамя таго, падрыхтаваны праект указа, у якім “на функцыянаванне сістэмы штогод запытваецца да 2,5 мільёна рублёў”.

“Вы, — звярнуўся палітык да кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава, — паглядзіце, што гэта за сметніца там”.

Спажывецкія цэны ў студзені 2026 года выраслі на 0,5%. Харчовыя тавары падаражэлі на 0,6%, нехарчовыя — на 0,1%, паслугі — на 0,6%.

У параўнанні са студзенем 2025-га рост склаў 6,4%: харчовыя тавары — на 8,6%, нехарчовыя — на 2,5%, паслугі — на 8,2%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год цэны не мелі вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не мае перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце 0,5%).

Далей нарастальным вынікам: люты — не больш за 2%, сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, паводле вынікаў штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: