Мінск 14:30

Генсакратар СЕ: Спадзяюся, ужо хутка мы зможам вітаць Беларусь у якасці паўнапраўнага члена Савета Еўропы

Святлана Ціханоўская і генсакратар СЕ Ален Берсе
Архіўнае фота: тэлеграм-канал беларускага палітыка

12 траўня, Позірк. Беларусь ніколі не была дзяржавай — членам Савета Еўропы, аднак для ўступлення ў арганізацыю краіна павінна адпавядаць яе фундаментальным каштоўнасцям, заявіў генеральны сакратар СЕ Ален Берсе 12 траўня ў Вільнюсе (Літва) на адкрыцці Інфармацыйнага пункта для беларускіх грамадзян.

Берсе нагадаў, што ў Беларусі “працягваюцца сістэмныя рэпрэсіі” разам з “наўмысным умяшаннем” у справы суседніх дзяржаў і падтрымкай вайны Расіі супраць Украіны, таксама ў краіне “квітнее дэзінфармацыя”.

“Савет Еўропы застаецца верным праўдзе, а не хлусні, фактам, а не выдумцы, інфармацыі, а не дэзінфармацыі. І мы поўныя рашучасці падтрымліваць незалежную і дэмакратычную Беларусь. Беларусь, дзе ні адзін універсітэт, школа або навучальная ўстанова не будуць абвешчаныя “экстрэмісцкімі” за заахвочванне свабоды думкі і грамадзянскай актыўнасці”, — адзначыў генеральны сакратар СЕ.

Паводле слоў Берсе, Інфармацыйны пункт стане падмогай у працы дэмакратычных сілаў і “спросціць абмен думкамі паміж Саветам Еўропы і тымі, хто верыць у дэмакратычную Беларусь”.

“Праз яго мы будзем павышаць дасведчанасць аб каштоўнасцях і прававых інструментах Савета Еўропы, а таксама прасоўваць дзейнасць у падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл. Цяпер беларускія дэмакратычныя сілы маюць сваё прадстаўніцтва ў Парламенцкай асамблеі СЕ і ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў”, — дадаў Берсе.

Інфапункт, на яго думку, гэта “сімвал супрацоўніцтва нават у той час, калі разрыў пагражае нашым каштоўнасцям па ўсёй Еўропе”: “Савет Еўропы будзе цвёрда прытрымлівацца гэтых каштоўнасцяў. Як і дэмакратычныя сілы Беларусі”.

Берсе падзякаваў Кантактнай групе Савета Еўропы ў супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўраду Літвы за падтрымку ў пытанні адкрыцця пункта.

“Я спадзяюся, што ён не спатрэбіцца нам доўга. І што ў адзін цудоўны дзень, ужо хутка, мы зможам вітаць Беларусь у якасці паўнапраўнага члена Савета Еўропы”, — падсумаваў генеральны сакратар СЕ.

Раней паведамлялася, што інфапункт для беларусаў будзе працаваць у Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы ім. Марцінаса Мажвідаса. Ён атрымаў акрэдытацыю МЗС Літвы.

Кантактная група Савета Еўропы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці была створана 7 верасня 2022 года, яна працуе з шырокім колам беларускіх грамадскіх ініцыятыў. Пасяджэнні праводзяцца два разы на год.

26 лютага прэс-служба СЕ перадала “Позірку“ пералік мерапрыемстваў на 2026-2027 гады, які будзе рэалізаваны ў рамках згаданай групы. Сярод іншага было “прадугледжана адкрыццё інфармацыйнага пункта для беларускага насельніцтва ў Вільнюсе”.

Святлана Ціханоўская апошні раз сустракалася з Берсэ 4 траўня ў Ерэване на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці.

Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску быў адкрыты ў 2009 годзе на базе Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта (вул. Кальварыйская, 9). Спыніў дзейнасць да 2015 года.

Беларусь не з’яўляецца членам СЕ. У 1993 годзе яна падала заяўку на ўступленне, аднак пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года пазбавілася статусу спецыяльнага запрошанага. У краіне па-ранейшаму вышэйшай мерай пакарання з’яўляецца смяротнае пакаранне. Яе адмена — адна з умоў членства ў СЕ.

Падзяліцца: