Мінск 13:56

З Беларусі зноў высылаюць каталіцкіх святароў — грамадзян Польшчы

Ілюстрацыя: catholic.by

20 траўня, Позірк. Пра адмову беларускіх уладаў падоўжыць дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі пяці каталіцкім святарам і аднаму манаху Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства, паведаміла ініцыятыва “Хрысціянская візія“.

Паводле яе звестак, не ўзгодненыя для служэння (усё ў Мінскай вобласці): пробашч парафіі св. Алексія ў Івянцы (Валожынскі раён) Лех Баханёк, кіраўнік Стаўбцоўскага дэканата, пробашч парафіі ушэсця найсвяцейшай панны Марыі ў Налібаках ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань, кіраўнік Мядзельскага дэканата, пробашч парафіі св. Мікалая ў Свіры ксёндз-канонік Багуслаў Маджаеўскі, пробашч парафіі св. Андрэя Апостала ў Нарачы (Мядзельскі раён) Павел Ляліта, пробашч парафіі св. Францішка ў Салігорску Сабяслаў Тамала, а таксама капуцын, да нядаўняга часу служыцель парафіі св. Казіміра ў Маладзечне, брат Войцех Урублеўскі.

Паводле звестак рэсурсу, усе яны ўжо шмат гадоў працуюць у Беларусі, а Баханёк прыехаў у Івянец у 2000 годзе. Яму ўжо не падаўжалі дазвол на служэнне ў 2016 годзе, але затым, пасля агалоскі, улады адмянілі сваё рашэнне.

“Хрысціянская візія” нагадала, што раней стала вядома аб адмове ў дазволе на далейшае служэнне тром каталіцкім польскім святарам у Віцебскай дыяцэзіі, да гэтага — двум святарам у Пінскай дыяцэзіі.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся аб грамадска-палітычным крызісе, які ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, з прычыны чаго рэжым Лукашэнкі ўзмацніў кантроль рэлігійнай сферы.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па канец красавіка 2026-га, паводле звестак “Хрысціянскай візіі“, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 93 хрысціянскія служыцелі, сярод іх 36 каталіцкіх.

Падзяліцца: