Кантакты Мінска з Вашынгтонам садзейнічаюць “абуджэнню калег у Еўропе”, лічыць намеснік кіраўніка МЗС

25 траўня, Позірк. Кантакты Мінска з Вашынгтонам “у пэўнай ступені задаюць тон, садзейнічаюць абуджэнню калег у Еўропе”, заявіў у эфіры тэлеканала “Першы інфармацыйны” намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта, каментуючы тэлефонную размову прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашам, якая адбылася 24 траўня.
Паводле сцвярджэння чыноўніка, “з Вашынгтонам весці дыялог прасцей, чым з Еўропай”. “Бо ў Еўропе гэта 27 удзельнікаў. У любы момант асаблівым меркаваннем або пазіцыяй асобнай дзяржавы можна перакрэсліць любыя дамоўленасці”, — патлумачыў ён.
“З Вашынгтонам жа мы ведаем, з кім маем справу. Там адзіны цэнтр прыняцця рашэнняў, — сказаў Сякрэта. — Тыя рашэнні, якія прымаюцца паміж Мінскам і Вашынгтонам, рэалізуюцца і набываюць такія абрысы — няхай гэта будзе ў выглядзе зняцця санкцый або вырашэння пытанняў па пастаўках той ці іншай прадукцыі. Кантакты гэтыя не спыняюцца, гэтая праца вядзецца ў тым ліку і ў закрытым рэжыме. Абмяркоўваецца дастаткова шырокі спектр пытанняў, у тым ліку рэгіянальнай бяспекі, пра якую ўчора гаварылі лідары Беларусі і Францыі”.
Пры гэтым сам факт размовы Макрона і Лукашэнкі намеснік кіраўніка МЗС назваў сведчаннем “усё большай цікавасці да ролі і месца Беларусі ў Еўропе”.
“Галоўная станоўчая рэч гэтай размовы — павелічэнне цікавасці да нармальных, абсалютна цывілізаваных кантактаў, да камунікацыі, якая адсутнічала вось ужо некалькі гадоў. Я ўпэўнены ў тым, што такіх кантактаў будзе больш. І па дыпламатычнай лініі, і па міждзяржаўнай лініі, і па лініі іншых ведамстваў. Думаю, што нас чакаюць дастаткова цікавыя дыскусіі. Маецца што абмеркаваць. Мы да гэтага гатовыя. Гэта — галоўнае. Маем дастаткова вялікі спектр пытанняў, якія былі пастаўленыя на паўзу, або на якія нашы партнёры пакуль не адказвалі. Мы — за дыялог”, — падсумаваў чыноўнік.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра сваю гатоўнасць заключыць “вялікую здзелку” з Вашынгтонам. Упершыню ён пра гэта сказаў 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў.
20 сакавіка, распавядаючы прапагандыстам пра перагаворы з амерыканцамі, Лукашэнка казаў пра “вялікую здзелку” з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.
30 сакавіка Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні Савета міру, 11 траўня — падзякаваў беларускаму палітыку “за супрацу і сяброўства” пры рэалізацыі “шпіёнскага” абмену ў фармаце “5 на 5”, які адбыўся 28 красавіка на беларуска-польскай мяжы.
З мінулага года Лукашэнка рэгулярна сустракаецца ў Мінску з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецпасланнікам Трампа па Беларусі Джонам Коўлам. Вынікам перамоваў становіцца вызваленне палітвязняў (як правіла, з наступнай прымусовай высылкай з Беларусі). У адказ ЗША аслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.
Паводле інфармацыі агенцтва AFP, падчас размовы з Лукашэнкам 24 траўня Макрон перасцярог суразмоўцу “ад удзелу ў вайне Масквы супраць Украіны” і “падкрэсліў рызыкі для Беларусі”, звязаныя з уцягваннем у яе.
Макрон таксама заклікаў Лукашэнку “зрабіць неабходныя крокі для паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і Еўропай”.

- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за тры тыдні колькасць спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка


