Мінск 20:12

Мужчына і дзве жанчыны памерлі ў Буда-Кашалёўскім раёне ад атручвання сурагатным алкаголем

Фота: ДКСЭ

27 траўня, Позірк. Тры чалавекі памерлі ў Буда-Кашалёўскім раёне (Гомельская вобласць) ад атручвання сурагатным алкаголем, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз (ДКСЭ).

Адзначаецца, што “ў адзін з сакавіцкіх дзён” на экспертызу ў мясцовы аддзел ДКСЭ “на працягу некалькіх гадзін паступілі целы трох памерлых — мужчыны, які памёр у рэанімацыі ўстановы аховы здароўя <…>, і дзвюх жанчын, целы якіх без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці выяўленыя па месцах іх пражывання”.

“Інфармацыя пра тое, што мужчына і адна з жанчын былі сужыцелямі, а другая жанчына іх знаёмай, і ўсе яны сістэматычна злоўжывалі алкаголем, адразу вылучыла на першы план версію пра смерць у выніку атручвання нейкім таксічным рэчывам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па выніках праведзенай экспертызы, як адзначае ДКСЭ, у “біялагічным матэрыяле ўсіх трупаў знойдзены этыленгліколь, атручэнне якім і з’явілася прычынай смерці”.

Этыленгліколь — двухатамны спірт, які адносіцца да сурагатаў алкаголю і ў чыстым выглядзе ўяўляе сабой празрыстую бескаляровую вадкасць злёгку алеістай кансістэнцыі, якая не мае паху і валодае саладкаватым смакам.

Звяртаецца ўвага, што ўказаны спірт шырока выкарыстоўваецца ў якасці антыфрызаў, тармазных і тэхнічных вадкасцяў.

20 лютага ДКСЭ паведамляў пра смерць двух мужчын ад атручвання алкаголем у Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць).

У снежні 2025 года 53-гадовы мужчына памёр “ад цяжкай ступені алкагольнай інтаксікацыі”. Адзначалася, што канцэнтрацыя этанолу ў яго крыві склала 5,6 праміле.

У студзені “пры падобных абставінах” памёр 73-гадовы мясцовы жыхар. Паводле заключэння эксперта, канцэнтрацыя алкаголю ў яго крыві склала 4 праміле.

Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў свеце паводле ўзроўню смяротнасці, звязанай з ужываннем алкаголю, паведаміў тэлеграм-канал “Белыя Халаты” (медыяпраект фонду медыцынскай салідарнасці BYMEDSOL) са спасылкай на даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным часопісе The Lancet Public Health у верасні 2025 года.

Група навукоўцаў з Германіі, Канады і ЗША прааналізавала стандартызаваныя паводле ўзросту паказчыкі смяротнасці і DALY (гады жыцця, скарэктаваныя паводле непрацаздольнасці) — страчаныя “як праз заўчасную смерць, так і праз хваробы, выкліканыя алкаголем”.

“Паводле ўзроўню смяротнасці, выкліканай алкаголем, Беларусь заняла першае месца сярод усіх краін, ахопленых даследаваннем, — паведаміў тэлеграм-канал. — Узрост-стандартызаваны паказчык склаў 164,3 смерці на 100 тыс. чалавек (дыяпазон нявызначанасці: 147,5–179,4). Для параўнання: у Малдове гэты паказчык — 162,3, а ва Украіне — 156,9. Такім чынам, рызыка памерці ад прычын, звязаных з алкаголем, у Беларусі вышэйшая, чым у найбліжэйшых суседзяў і вышэйшая, чым дзе б там ні было яшчэ”.

Калі глядзець на сумарныя страты DALY, то Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце. Адзначалася, што на кожныя 100 тыс. насельніцтва прыпадае 5.596,2 страчаных гадоў жыцця і здароўя. Гэта супастаўна з паказчыкам Украіны (5.667,9) і толькі крыху менш, чым у Расіі (5.772,4).

Паводле слоў псіхіятра Уладзіміра Пікірэні, прыблізна такая ж алкагольная смяротнасць у Беларусі была “і 20, і 30 гадоў таму”.

Падзяліцца: