Мінск 20:07

Супраць трох гродзенскіх школьнікаў распачатая крымінальная справа за здзек з 14-гадовага падлетка

Фота: Генпракуратура

27 траўня, Позірк. Аб узбуджэнні ў Гродне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб) паведамляе Генеральная пракуратура.

Рашэнне аб пачатку расследавання прынятае “па выніках вывучэння спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях”, адзначае нагляднае ведамства.

Згодна з матэрыяламі справы, 18-гадовы, 17-гадовы і 14-гадовы вучні адной іх сярэдніх школ Гродна ў сакавіку 2026-га вырашылі “паджартаваць” над 14-гадовым школьнікам. На перапынку яны схапілі пацярпелага і зацягнулі яго ў грамадскі туалет установы адукацыі. Там, у прысутнасці іншых вучняў, яны “падвесілі падлетка за вопратку на кручок, замацаваны на сцяне”.

Свае дзеянні фігуранты здымалі на мабільны тэлефон, пазней відэазапіс быў распаўсюджаны сярод навучэнцаў і трапіў у інтэрнет.

Паведамляецца, што пацярпеламу былі прычыненыя “фізічны боль і маральныя пакуты”. Дзеянні падазраваных суправаджаліся “грубым парушэннем грамадскага парадку і відавочнай непавагай да грамадства з ужываннем гвалту”, фігуранты справы праявілі “выключны цынізм, выражаны ў калектыўным здзеку з пацярпелага”.

Санкцыі ч. 2 арт. 339 КК прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў.

Падзяліцца: