Мінск 18:28

Паліцыя Літвы не кантактуе з беларускімі сілавікамі адносна праблемы кантрабанды — кіраўнік ведамства

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

5 чэрвеня, Позірк. Паліцыя Літвы не кантактуе з беларускімі сілавікамі адносна праблемы кантрабанды цыгарэт, вынікае з заявы генеральнага камісара ведамства Арунаса Паўлаўскаса 4 чэрвеня ў эфіры LRT.

“Наколькі мне вядома, памежная служба падтрымлівала кантакты на тэхнічным узроўні, — адзначыў ён. — Аднак мы цудоўна разумеем, што без удзелу і згоды беларускіх пагранічнікаў такая кантрабанда немагчымая. Знаходзіцца ў прыгранічнай зоне Беларусі і ўсю ноч надзімаць і запускаць паветраныя шары без узгаднення з пагранічнікамі немагчыма”.

Паводле слоў Паўлаўскаса, раней абвешчаная аперацыя па процідзеянні кантрабандзе “яшчэ не завершаная”. На гэты момант, сказаў ён, затрымана 75 чалавек, з іх 28 цяпер пад арыштам.

“Было выяўлена каля дзесятка злачынных груповак, якія займаліся кантрабандай, — заявіў кіраўнік Паліцыі Літвы. — Адны былі буйнейшыя, іншыя меншыя, асабліва актыўна яны выкарыстоўвалі паветраныя шары для дастаўкі кантрабанды. Большасць гэтых груп ужо выяўлена, у дачыненні да іх праведзеныя працэсуальныя дзеянні, а іх удзельнікі зараз чакаюць суда”.

На пытанне, хто кім кіраваў у гэтых групах — беларусы літоўцамі ці наадварот, Паўлаўскас адказаў: “Хутчэй гаворка ішла не пра кіраўніцтва, а пра супрацу. Менавіта так я б ахарактарызаваў стасункі паміж літоўскімі і беларускімі кантрабандыстамі”.

Спікер не выключыў, што ў рамках расследавання справы аб кантрабандзе могуць быць здзейсненыя дадатковыя арышты.

Напрыканцы траўня стала вядома, што паводле падазрэння ў паветранай кантрабандзе ў Літве арыштаваныя 13 паліцыянтаў і памежнікаў. Намеснік генкамісара паліцыі Марус Драўдвіла паведаміў, што агулам затрымана 27 чалавек. Рэйд ён назваў працягам аперацыі, распачатай у снежні 2025 года, калі паліцыя затрымала не толькі членащ, але і лідараў злачыннай групоўкі.

Паветраная кантрабанда з Беларусі ўвосени і на пачатку зімы 2025 года паслужыла каталізатарам абвастрэння стасункаў паміж Вільнюсам і Мінскам. Праз уварванне шароў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі неаднаразова закрываўся вільнюскі аэрапорт, што месціцца непадалёк ад мяжы.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада 2025 года закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, з гэтай прычыны ў краіне захрасла больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі сёлета 23 сакавіка, але дагэтуль не завяршыўся.

Літва называла спыненне сітуацыі з уварваннем аэрастатаў адной з умоў для пачатку дыялогу з Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу патрабуе ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

Падзяліцца: