Мінск 14:18

Па выніках парламенцкіх выбараў у Арменіі Ціханоўская павіншавала Пашыняна і армян з перамогай дэмакратыі

Святлана Ціханоўская і Нікол Пашынян
Архіўнае фота: прэс-служба беларускага палітыка

8 чэрвеня, Позірк. “Шчырыя віншаванні з перамогай дэмакратыі” на парламенцкіх выбарах, якія напярэдадні адбыліся ў Арменіі, накіравала дзейнаму прэм’ер-міністру Ніколу Пашыняну і армянскаму народу беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х палітык адзначыла, што “народ смела і рашуча абраў свабоду і незалежнасць”, а таксама тое, што “беларусы падтрымліваюць Арменію на яе далейшым шляху да еўрапейскай будучыні”.

Паводле даных Цэнтрвыбаркама Арменіі, пасля падліку галасоў прыкладна на 95% выбарчых участкаў, партыя “Грамадзянская дамова”, якую ўзначальвае Пашынян, набірае 50,04%. Блок “Моцная Арменія” расійскага мільярдэра армянскага паходжання Самвела Карапецяна — 23,33%, блок “Арменія” экс-прэзідэнта Роберта Качарана — 9,85%, партыя “Квітнеючая Арменія” бізнесмена Гагіка Царукяна — 3,98%.

Галасаванне на выбарах у Нацыянальны сход Арменіі прайшло 7 чэрвеня. У электаральнай кампаніі ўдзельнічалі 18 палітычных сіл — 16 партый і два блокі. Паводле даных ЦВК, у выбарах узялі ўдзел 1.476.597 выбаршчыкаў (58,97%).

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы напрыканцы траўня еўрапамкненні Арменіі, прыгразіў краіне “паўтарэннем таго, што адбылося ва Украіне”. Паводзіны Ерэвана, заявіў ён, “даходзяць да прыніжэння Еўразійскага эканамічнага саюза і [яго] членаў”: “Усе аднагалосна з гэтым пагадзіліся”.

За найхутчэйшае правядзенне ў Арменіі рэферэндуму пра членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ці Еўрасаюзе выказаліся Лукашэнка, а таксама лідары іншых краін ЕАЭС — Уладзімір Пуцін (РФ), Касым-Жамарт Такаеў (Казахстан) і Садыр Жапараў (Кыргызстан). Адпаведная заява была прынятая 29 траўня на саміце ЕАЭС у Астане.

Перад парламенцкімі выбарамі Масква пачала чыніць на Ерэван палітычны і эканамічны ціск. 1 красавіка на сустрэчы з Пашынянам у Маскве Пуцін выказаўся за ўдзел у выбарчай кампаніі прарасійскіх партый. У траўні Расія ўвяла абмежаванні на ўвоз шэрагу армянскіх тавараў.

Арменія пад кіраўніцтвам Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з ЕС.

У апошнія гады стасункі паміж Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне і перайшла пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Канфлікт абвастрыўся пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія” ў 2024 годзе, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

Ціханоўская падтрымлівае еўрапейскія памкненні Арменіі. Некалькі разоў яна сустракалася з Пашынянам і міністрам замежных спраў краіны Араратам Мірзаянам. 4–5 траўня яна ўпершыню наведала Арменію.

Гл. таксама:

Новыя армяне. Пашынян, які ўзяў курс на Захад, перамагае на выбарах, памнажаючы страхі Лукашэнкі (на рускай мове)

Повязі саюзаў. Арменія абірае паміж Еўропай і брацкімі дыктатурамі (на рускай мове)

Падзяліцца: