Мінск 09:54

Беларускія яхтсмены дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў з дзяржсімволікай

10 чэрвеня, Позірк. Міжнародная федэрацыя паруснага спорту (World Sailing) дазволіла беларускім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі, паведамляе Міністэрства спорту і турызму.

Ведамства адзначае, што 9 чэрвеня на анлайн‑пасяджэнні Савета World Sailing прынята рашэнне “адмяніць ранейшыя санкцыі ў дачыненні да спартсменаў з Рэспублікі Беларусь, трэнераў і спартыўных суддзяў, уключаючы патрабаванні аб нейтральным статусе, забарону на нацыянальны сцяг і гімн”.

Да спаборніцтваў пад эгідай World Sailing у нейтральным статусе беларусы і расіяне былі дапушчаныя ў ліпені 2025 года.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў“.

Адзначалася, што МАК “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў“.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Захаваныя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў і іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць “хатнія“ міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральныхспартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

Падзяліцца: