Мінск 10:35

Урад прыняў пастанову аб выкарыстанні токенаў

Ілюстрацыя: iXBT.com

10 чэрвеня, Позірк. З 18 ліпеня юрыдычныя асобы ў Беларусі змогуць выкарыстоўваць лічбавыя знакі (токены) у якасці сродку разліку “ў мэтах выканання абавязацельстваў па знешнеэканамічных дагаворах”. Гэта прадугледжана пастановай урада ад 9 чэрвеня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале 10 чэрвеня, токены можна будзе выкарыстоўваць у выпадку выканання абавязацельстваў юрыдычнай асобай — рэзідэнтам перад юрыдычнай асобай — нерэзідэнтам, юрыдычнай асобай — нерэзідэнтам перад юрыдычнай асобай — рэзідэнтам пры ажыццяўленні знешнегандлёвай дзейнасці, а таксама ў шэрагу іншых выпадкаў.

У прыватнасці, апісваецца парадак выкарыстання токенаў форэкс-кампаніямі (брокерскімі арганізацыямі, якія выступаюць пасярэднікамі паміж прыватнымі асобамі (трэйдарамі) і валютным рынкам. — “Позірк”.), у выпадку правядзення лізінгавых плацяжоў і інш.

16 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб крыптабанках і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў)”.

Дакумент, як гаварылася ў паведамленні, накіраваны на “ўмацаванне іміджу Беларусі” як “флагмана ў сферы фінансавых ІТ-тэхналогій” і прадугледжвае стварэнне “ўмоў для дзейнасці ў краіне крыптабанкаў”.

Крыптабанкам прызнаецца акцыянернае таварыства, якому “прадастаўлена права сумяшчаць дзейнасць з выкарыстаннем лічбавых знакаў (токенаў) са здзяйсненнем банкаўскіх, плацежных і іншых звязаных з імі фінансавых аперацый”.

Для допуску на рынак крыптабанк павінен мець статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій і быць уключаны ў рэестр крыптабанкаў Нацыянальнага банка.

Пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці крыптабанк абавязаны не толькі выконваць патрабаванні заканадаўства, але і выконваць рашэнні назіральнага савета ПВТ.

Чакаецца, што падвойнае рэгуляванне дазволіць крыптабанку прапаноўваць кліентам “інавацыйныя фінансавыя прадукты, якія адначасова валодаюць перавагамі як класічных банкаўскіх аперацый, так і тэхналагічнасцю, хуткасцю і выгодай аперацый з лічбавымі знакамі (токенамі)”.

Краінам — членам Еўрасаюза з 24 траўня 2026 года забаронена “прама ці ўскосна ўдзельнічаць у любых здзелках з крыптаактывамі або лічбавымі валютамі” Беларусі, а таксама аказваць якую-небудзь падтрымку ў развіцці такіх крыптаактываў або лічбавых валют.

Такое абмежаванне прадугледжана новымі санкцыямі ЕС у дачыненні да Беларусі, зацверджанымі Саветам Еўрапейскага саюза 23 красавіка.

Падзяліцца: