Мінск 01:44

Мінтранс паведаміў аб перамовах з кіраўніцтвам ІКАО

Ілюстратыўнае фота: БелТА

11 чэрвеня, Позірк. Аб удзеле дэлегацыі Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Беларусі ў нарадзе генеральных дырэктараў грамадзянскай авіяцыі рэгіёнаў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) паведаміла 11 чэрвеня прэс-служба беларускага транспартнага ведамства.

Сустрэча адбылася ў г. Кастэланета (Італія), беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік дырэктара дэпартамента па авіяцыі Аляксандр Апет.

Абмеркаваны “пытанні, якія датычацца развіцця рэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва, абмену перадавым вопытам, пашырэння паветраных маршрутаў, забеспячэння ўстойлівага развіцця сектара грамадзянскай авіяцыі”.

Паводле сцвярджэння Мінтранса, “у рамках мерапрыемства прайшлі перамовы авіяцыйных уладаў Беларусі з генеральным сакратаром ІКАО Хуанам Карласам Салазарам і дырэктарам рэгіянальнага аддзялення ІКАО па Еўропе і Паўночнай Атлантыцы Нікаласам Рала”.

Адзначаецца, што “бакі абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва, у тым ліку агучана пазіцыя Рэспублікі Беларусь па праблемных пытаннях функцыянавання авіягаліны краіны ў сучасных умовах”.

ІКАО сустрэчы пакуль не каментуе.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза. 2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС скаардынавана адобрылі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прыняты “ў адказ на напады на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, якія працягваюцца, ігнараванне міжнародных норм і неаднаразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, якія трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак.

9 жніўня 2023 года “Белавія” была ўключана ў санкцыйныя спісы ЗША.

29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя супраць “Белавія”, адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.

4 лістапада 2025 года стала вядома, што міністэрства фінансаў ЗША зняло санкцыі ў дачыненні да “Белавія”, санкцыі ЕС застаюцца ў сіле.

19 траўня гэтага года стала вядома, што афіцыйны Вільнюс па запыце ІКАО перадала ёй дадатковыя матэрыялы “з доказамі гібрыднай атакі супраць грамадзянскай авіяцыі Літвы, якая ажыццяўляецца з тэрыторыі Беларусі”.

Першы зварот Літвы па гэтым пытанні быў накіраваны ў кастрычніку 2025 года, пасля чаго ў ІКАО, паводле інфармацыі міністэрства транспарту балтыйскай дзяржавы, адзначылі, што для разгляду такіх інцыдэнтаў неабходна прадставіць канкрэтныя доказы.

Сабраныя дадзеныя, як было заяўлена, “пацвярджаюць, што беспілотныя паветраныя шары, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, сістэматычна парушаюць паветраную прастору Літвы і ствараюць рэальную пагрозу грамадзянскім паветраным судам і пасажырам”. “З кастрычніка 2025 года да гэтага часу парушэнні паветранай прасторы, якія прыводзілі да прыпынення работы Віленскага аэрапорта, адбываліся як мінімум 20 разоў”, — гаварылася ў паведамленні.

Пры гэтым у Вільнюсе заяўляюць “пра бачныя прыкметы таго, што Беларусь будзе прызнана адказнай за “гібрыдную атаку”.

Падзяліцца: