Мінск 11:53

СК зняпраўдзіў інфармацыю пра затрыманне экс-кіраўніка Гомеля і завёў крымінальную справу за паклёп

Ілюстрацыйнае фота: dzr.by

18 чэрвеня, Позірк. Следчы камітэт зняпраўджвае інфармацыю пра затрыманне былога кіраўніка Гомеля Уладзіміра Прывалава.

“Сёлета ў чэрвені праз розныя інтэрнэт-рэсурсы стала распаўсюджвацца ілжывая інфармацыя пра затрыманне і змяшчэнне ў СІЗА былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава, — сцвярджае прэс-служба ведамства. — Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. У дачыненні да Уладзіміра Прывалава крымінальная справа не ўзбуджалася, крымінальны пераслед не ажыццяўляўся”.

Заяўлена, што Гомельскі гарадскі аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 188 КК (паклёп) і цяпер праводзіць “следчыя дзеянні для высвятлення асоб, якія маюць дачыненне да стварэння фэйка і публічнага распаўсюду ілжывай інфармацыі, якая ганіць”.

“Следчы камітэт звяртае ўвагу грамадзян на недапушчальнасць распаўсюду чутак і неправеранай ананімнай інфармацыі на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах”, — гаворыцца ў паведамленні.

16 чэрвеня незалежнае рэгіянальнае СМІ “Флагшток” паведаміла, што ў яго атрымалася верыфікаваць звесткі пра тое, што экс-кіраўнік Гомеля арыштаваны (“на пачатку чэрвеня пра гэта паведамляў канал “Рэальная Беларусь”).

“Крыніца, звязаная з выканаўчай уладай, пацвердзіла, што Прывалаў стаў фігурантам крымінальнай справы, — заявіла выданне. — Афіцыйна пра гэта нічога не паведамляецца, але, як стала вядома ад крыніцы, экс-старшыню гарвыканкама абвінавачваюць у махінацыях з перапродажам кватэр”.

“У справе маюцца таксама іншыя фігуранты-чыноўнікі — звесткі па іх “Флагшток” пакуль удакладняе. Прывалаў знаходзіўся ў гомельскім СІЗА, але нядаўна мог быць адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе”, — гаварылася ў паведамленні СМІ.

Уладзімір Прывалаў быў у цэнтры ўвагі СМІ пасля таго, як летась 17 снежня ў горадзе здарыўся “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3). У выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі”, была “пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”. Частку жыхароў эвакуявалі, загінула адна жанчына.

Падзяліцца: