Дыпламатам Беларусі даручана казаць у міжнародных арганізацыях пра “мэтанакіраваны ўдар украінскага БПЛА”

18 чэрвеня, Позірк. Усім беларускім замежным установам даручана ў прыярытэтным парадку давесці да ведама краін, дзе яны акрэдытаваныя, а таксама да міжнародных арганізацый “вычарпальную інфармацыю” пра “мэтанакіраваны ўдар украінскага баявога беспілотніка па грамадзянскім аўтобусе”, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.
Паводле слоў прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, тэма ўдару БПЛА па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці “не застанецца выключна ў плоскасці двухбаковых узаемаадносін”.
Кажучы пра ўдары па аўтобусе, Варанкоў адзначыў, што гэта “не вайсковы аб’ект, не спадарожная шкода”, а “ўсвядомлены напад на мірных грамадзян”. “І цынізм гэтага злачынства шматразова пагаршаецца тым, што ахвярамі сталі непаўналетнія”, — заявіў ён.
“Беларускі бок мае намер дамагчыся, каб гэтаму абуральнаму акту была дадзеная належная міжнародная ацэнка. Неабходна, каб міжнародная супольнасць не адмоўчвалася, а наўпрост і недвухсэнсоўна асудзіла такія тэрарыстычныя метады”, — адзначыў спікер.
МЗС разлічвае, што “профільныя праваабарончыя інстытуты і дзяржавы дадуць прынцыповую рэакцыю на гэты варварскі акт”.
“Пакідаем за сабой права ініцыяваць асобныя пасяджэнні і слуханні. Беларусь не дазволіць, каб гібель грамадзянскіх асоб і пакуты нашых дзяцей засталіся незаўважанымі”, — падкрэсліў Варанкоў.
Раней у гэты дзень часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Беларусі Івану Навіцкаму была ўручаная нота пратэсту “ў сувязі з атакай, здзейсненай украінскім беспілотным лятучым апаратам” 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці Расіі “на грамадзянскі аўтобус, які перавозіў беларускіх грамадзян, у асноўным дзяцей”.
Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 18 чэрвеня даклад аб прапановах па карэктаванні мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026–2030 гады, заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці РФ трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік.
У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не датычны да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”.
Ваеннае камандаванне заявіла таксама, што ў акрэслены перыяд Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец 17 чэрвеня “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да празрыстага і бесстаронняга высвятлення ўсіх фактаў і абставін гэтага здарэння.
Лукашэнка заявіў 18 чэрвеня, што інцыдэнт будуць расследаваць беларускі і расійскі бакі.
17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.
Першапачаткова заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніла, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу напярэдадні ўвечары.
Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга жыла ў Беларусі.
Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу.

- Грамадства
- ЭканомікаЗа пяць месяцаў 2026 года з дзяржпадтрымкай пабудавана амаль на 40% менш жылля для маючых патрэбу, чым годам ранейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з кіраўніком Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта новыя механізмы супрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

