Мінск 15:35

Рассельгаснагляд спаліў яшчэ адну партыю ўвезеных з Беларусі руж

Ілюстрацыйнае фота: pexels / pixabay.com

9 ліпеня, Позірк. Пра “знішчэнне шляхам спальвання” 400 зрэзаў руж, заражаных заходнім кветкавым трыпсам, паведаміла 9 ліпеня Федэральная служба РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Вырашчаныя ў Кеніі кветкі, якія транспартаваліся з Мінска ў Маскоўскую вобласць, 6 ліпеня былі выяўленыя ў месцы надгляду падкаранціннай прадукцыі ў Смаленскай вобласці Расіі.

Як і ў аналагічных падобных выпадках (29 чэрвеня, 19 чэрвеня), уладальніку грузу вынесенае папярэджанне пра недапушчэнне парушэння фітасанітарных патрабаванняў.

Раней Рассельгаснагляд адзначаў, што заходні кветкавы трыпс (Frankliniella occidentalis Perg.) шкодзіць усім гароднінным і большасці дэкаратыўна-кветкавых культур. Можа жыць ва ўсіх без выключэння кветках. Заселеныя імі лісце і кветкі хутка вяне і ападае. Пашкоджанне кветкавых пупышак выклікае дэфармацыю кветак і пладоў.

Заходні кветкавы трыпс не небяспечны для чалавека, але можа несці пагрозу для харчовай бяспекі, бо пераносіць вірусныя захворванні раслін.

Падзяліцца: