Мінск 15:51

Сіноптыкі абяцаюць пацяпленне на пачатку наступнага тыдня, але ўхіляюцца ад прагназавання новай хвалі анамальнай спякоты

Ілюстрацыя: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. Да канца гэтага тыдня захаваецца халаднаватае надвор’е з тэмпературай на 1-4 градусы ніжэй за кліматычную норму. Пра гэта паведаміла начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Грыцкевіч на прэс-канферэнцыі 9 ліпеня.

Паводле яе слоў, ноччу чакаецца ад 9 да 15, днём — ад 15 да 24 градусаў вышэй за нуль.

На пачатку наступнага тыдня пачнецца пацяпленне. Начная тэмпература павысіцца да 13-19, дзённая — да 20-29 градусаў.

Ад адказу на пытанне, ці варта чакаць яшчэ адну хвалю анамальнай спякоты, якая назіралася ў канцы чэрвеня і абумовіла новы нацыянальны рэкорд тэмпературы (40,4 градуса ў Пінску), Грыцкевіч ухілілася, спаслаўшыся на тое, што прагнозы ў Белгідрамеце складаюцца на бліжэйшыя сем сутак. Не маюць сіноптыкі і прагнозу на наступную зіму.

Начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета Вольга Бакланава паведаміла, што з 1989 года, калі пачалося глабальнае пацяпленне, у краіне сталі часцей фіксавацца тэмпературы вышэй за 35 градусаў і максімальны пяты клас пажарнай небяспекі. Гэтыя з’явы, паводле яе, адзначаюцца прыкладна раз на два гады.

Сіноптык прывяла гістарычную статыстыку па жніўні: найцяплейшым быў жнівень 2010 года з сярэдняй тэмпературай 20,8 градуса — на 2,8 вышэй за кліматычную норму. Тады быў зафіксаваны абсалютны тэмпературны рэкорд (38,9 градуса ў Гомелі 8 жніўня), які пратрымаўся да гэтага лета. Найхаладнейшы — жнівень 1987 года з сярэдняй тэмпературай 14,3 градуса.

Як заявіла Бакланава, кліматычная з’ява Эль-Ніньё, якая назіраецца ў 2026 годзе, калі Ціхі акіян анамальна награваецца ў раёне экватара, наўпрост на надвор’е ў Беларусі не ўплывае. “Толькі павялічваецца глабальнае цяпло ў кліматычнай сістэме, і можа павялічвацца амплітуда ваганняў“, — сказала сіноптык.

Падзяліцца: