Мінск 16:36

Мінабароны стварыла камісію па праверцы смяротнага ДТЗ пад Асіповічамі, яе ўзначаліў памочнік Хрэніна па ідэалогіі Касінскі

Фота: МУС

24 ліпеня, Позірк. Міністр абароны Віктар Хрэнін прызначыў свайго памочніка па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах Леаніда Касінскага кіраўніком камісіі па праверцы дарожна-транспартнага здарэння ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць).

Праца створанай камісіі, як паведамляе прэс-служба Мінабароны, “знаходзіцца на асабістым кантролі” кіраўніка ведамства.

Двое вайскоўцаў загінулі, 14 атрымалі траўмы раніцай 24 ліпеня ў ДТЗ на 12-м кіламетры аўтадарогі Р-91 Асіповічы — Баранавічы. Паводле звестак Следчага камітэта, грузапасажырскі вайсковы аўтамабіль МАЗ перакуліўся падчас руху.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца падчас руху па галоўнай дарозе пры павароце страціў кіраванне транспартным сродкам. Па інэрцыі аўтамабіль перакуліўся ў кювет.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 464 КК (парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі транспартнай машыны, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб).

Мінабароны паведаміла пра гібель малодшага сяржанта кантрактнай службы Шабуневіча А.В. і радавога тэрміновай службы Кібы К.А.

Загінулым было 21 і 26 гадоў.

“Пацярпелым у ДТЗ цяпер аказваецца неабходная медыцынская дапамога. Большасць з іх працягнуць лячэнне ў Галоўным вайсковым клінічным медыцынскім цэнтры”, — адзначылі ў Мінабароны.

Падзяліцца: