Мінск 19:49

Нацбанк: Золатавалютныя рэзервы па выніках 2027 года не павінны быць ніжэй за 12,8 млрд долараў

29 ліпеня, Позірк. Золатавалютныя рэзервы па выніках 2027 года не павінны быць ніжэй за 12,8 млрд долараў, заявіў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 29 ліпеня намеснік кіраўніка Нацыянальнага банка Андрэй Картун.

“Гэта дастатковы мінімальны ўзровень для бяспечнага функцыянавання [эканомікі]”, — падкрэсліў чыноўнік (паводле відэафрагмента прэс-службы Нацбанка).

Акрамя таго, рэгулятар прапануе ўраду ў наступным годзе “паставіць мэту — 6% па інфляцыі”. “Гэта крыху менш, чым у бягучым годзе”, — дадаў Картун.

“Блок паказчыкаў, які характарызуе фінансавую стабільнасць, — так званая доля праблемных актываў. Гэта такі індыкатар, які адлюстроўвае бяспечнае функцыянаванне фінансавай сістэмы. Прапануецца ўсталяваць яго на ўзроўні 10%”, — паведаміў ён.

Яшчэ адзін паказчык, паводле яго слоў, — “стабільнасць і даступнасць плацежных сістэм для таго, каб не было ніякіх збояў, аперацыі ажыццяўляліся фактычна ў кругласуткавым рэжыме”. Тут дапускаюцца толькі “пэўныя тэхнічныя або тэхналагічныя паўзы”, удакладніў намкіраўніка Нацбанка.

Акрамя таго, на наступны год плануецца павялічыць інвестыцыйнае фінансаванне. Нацбанк, адзначыў чыноўнік, разам з банкаўскай сістэмай “узялі на сябе задачу ў межах дзейнай пяцігодкі нарасціць партфель па інвестыцыйным фінансаванні ў 1,5 раза”. Агулам на наступны год гэты параметр трэба “даводзіць да не менш як 13%”.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня 2026 года склалі 14 млрд 155,8 млн долараў у эквіваленце.

За месяц золатавалютныя рэзервы знізіліся на 881,8 млн долараў, або на 5,86% (на 1 чэрвеня — 15 млрд 37,6 млн; зніжэнне назіраецца другі месяц запар).

На 1 студзеня 2026 года ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Такім чынам, за першае паўгоддзе яны знізіліся на 267,2 млн, або на 1,85%.

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на 1 ліпеня склала 6 млрд 982,3 млн долараў (-896,9 млн за месяц; -11,38%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 399,8 млн (-9,4 млн; -0,67%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 773,6 млн (+24,5 млн; +0,43%).

З гэтага вынікае, што зніжэнне ЗВР у чэрвені ў першую чаргу адбылося за кошт значнага скарачэння запасаў манетарнага золата.

Спажывецкія цэны ў чэрвені 2026 года выраслі на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2025 года — на 2,9%, у гадавым вымярэнні (да чэрвеня 2025 года) — на 4,3%.

У мінулым годзе інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не павінны былі вырасці больш чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Падзяліцца: