Мінск 12:40

Моцны вецер 6 жніўня паваліў 2,4 тыс. дрэў, пашкодзіў дахі больш за 700 дамоў — удакладненыя даныя МНС

Фота: Віцебскае абласное ўпраўленне МНС

8 жніўня, Позірк. Паводле ўдакладненых даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у выніку праходжання 6 жніўня па Беларусі навальнічнага фронту з парывамі ветру да 29 метраў на секунду зафіксавана 2.432 выпадкі падзення дрэў.

Амаль тры чвэрці буралому (71,3%) — у Мінскай вобласці (1.735). Далей ідуць Віцебская вобласць (261), Гродзенская (179), Гомельская (170), Брэсцкая (84) і Магілёўская (3).

Агулам, паводле даных МНС, пацярпела 97 населеных пунктаў: у Мінскай вобласці — 34, Гродзенскай — 29, Віцебскай — 15, Брэсцкай — 11, Гомельскай — 8.

Ветрам пашкоджаныя дахі 721 жылога дома і 73 сельскагаспадарчых будынкаў: у Гродзенскай вобласці — 364 і 14 адпаведна, Мінскай — 285 і 6, Віцебскай — 65 і 8, Брэсцкай — 5 і 25, Гомельскай — 2 і 20.

Да ліквідацыі наступстваў было прыцягнута 2.116 чалавек, задзейнічана 623 адзінкі тэхнікі.

Паводле прагнозу Белгідрамета, 8 жніўня будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі на паўднёвым усходзе — кароткачасовыя дажджы. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, месцамі парывісты. Максімальная тэмпература паветра — 25 градусаў цяпла.

Падзяліцца: