Мінск 13:29

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — пытанне часу, мы можам паўплываць на стварэнне новага акна магчымасцяў

Відэатрансляцыя канферэнцыі "Новая Беларусь — 2026" / стоп-кадр: "Позірк"

8 жніўня, Позірк. Падзеі 2020 года былі момантам, калі беларуская нацыя абудзілася, усвядоміла сваю сілу і стала іншай, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 8 жніўня на адкрыцці пятай канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве.

“Так, мы не перамаглі тады, але нельга сказаць, што мы і прайгралі, бо 2020 год запусціў працэсы, якія немагчыма адмяніць, — сказала яна. — І для рэжыму ён стаў той траўмай, ад якой ён не можа аправіцца і да сёння. Ён апантана спрабуе сцерці памяць пра 2020 год, нелаяльных — выкінуць з краіны, астатніх — запалохаць, а ўсё жывое закатаць пад асфальт. Але вось праблема — беларускае, свабоднае, незалежнае ўсё адно вырастае. Недзе за мяжой, недзе ўнутры краіны, і часам ціха, пра што не раскажаш у прэсе”.

“У нас, беларусаў, ёсць суперсіла: выжываць у самых неспрыяльных умовах. Такая вось беларуская партызанская душа. Калі трэба, умее прытаіцца, а калі надыходзіць момант, умее паказаць сябе так, што здзіўляецца ўвесь свет. І я ўпэўнена, што калі з’явіцца новая магчымасць, мы пакажам сябе зноў”, — дадала яна.

Паводле слоў палітыка, дзякуючы агульным намаганням сёння ўвесь свет ведае, “што беларусы — гэта не рэжым, і Беларусь — гэта не Расія”.

За апошні год, адзначыла Ціханоўская, многае змянілася — выйшлі на волю пэўныя палітвязні, Украіна змяніла стаўленне да беларускіх дэмсіл, над Аляксандрам Лукашэнкам “замаячыла рэальная перспектыва” суда ў Гаазе.

“Гэта ўсё адбылося не само па сабе. Гэта ўсё вынік нашай з вамі працы — праваабаронцаў, журналістаў, палітыкаў, актывістаў, валанцёраў і, канешне, нашых замежных сяброў, — сказала яна. — І я ўпэўненая, што мы можам яшчэ больш. Мы можам дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў. Мы можам захаваць беларускую суб’ектнасць, мову, культуру і ідэнтычнасць, нават ва ўмовах русіфікацыі, страты суверэнітэту і фактычна гібрыднай акупацыі. Мы можам прадухіліць поўнае ўцягванне Беларусі ў вайну, як бы ні спрабавала Расія, таму што мы ведаем: беларусы супраць гэтай вайны і большасць на баку Украіны”.

“І ў рэшце рэшт, мы можам паўплываць на стварэнне новага акна магчымасцяў і быць гатовымі ім скарыстацца, бо перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Як бы ні фаташопілі Лукашэнку на БелТА, яго час непазбежна сыходзіць. Будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме ці нешта, чаго сёння з нас ніхто не можа прадбачыць, гэтага ніхто не ведае. Але трэба думаць ужо цяпер, як будзе выглядаць постлукашэнкаўская Беларусь. Як не дапусціць хаосу, як вярнуць законнасць і адчуванне бяспекі, як правесці свабодныя выбары і як вывесці Беларусь з расійскага кантролю і вярнуць у еўрапейскую сям’ю”, — падкрэсліла спікер.

Звяртаючыся да беларусаў унутры краіны, Ціханоўская заклікала памятаць: “Мы можам знаходзіцца па розныя бакі мяжы, але Беларусь у нас адна. Не губляйце веру, дапамагайце адно аднаму, захоўвайце сувязі і шукайце бяспечныя формы ўдзелу. Нават простая рэч — пачаць размаўляць па-беларуску са сваімі дзецьмі — гэта ўжо ўчынак”.

Беларусаў за мяжой яна папрасіла “быць больш актыўнымі і бачнымі”.

Падзяліцца: