Мінск 15:17

Ціханоўская заклікала праваабаронцаў даць экс-палітвязням зразумелы алгарытм дапамогі

Ілюстрацыйнае фота: Austin Kehmeier / unsplash.com

8 жніўня, Позірк. З заклікам даць былым палітычным вязням зразумелы алгарытм дапамогі звярнулася да праваабарончай супольнасці дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 8 жніўня ў Варшаве падчас канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Такім чынам палітык адрэагавала на пытанне з залі, якое задаў вывезены з Беларусі экс-палітвязень. Паводле сцвярджэння мужчыны, некалькі месяцаў таму ён даслаў Ціханоўскай ліст наконт гэтай праблемы, але так і не атрымаў адказу.

Прамоўца заявіў, што не атрымлівае ніякай дапамогі і “кінуты на на волю лёсу”. Ціханоўская на гэта адказала: “Я ўпэўненая, што вам дапамога была аказаная”.

Разам з тым яна заявіла наступнае: “Столькі гадоў прайшло, а ў былых палітзняволеных няма паразумення за мяжой, які пункт уваходу ў дапамогу. Для мяне гэта праваабарончы цэнтр “Вясна”, які камунікуе з вызваленымі былымі палітзняволенымі”.

На пытанне пра праблемы з легалізацыяй у Польшчы палітык адказала, што яны абмяркоўваюцца. “Мы ведаем усе гэтыя праблемы — і з пенсіянерамі, і з дзеткамі, якія нараджаюцца, і з медыцынай”, — сказала яна.

Ціханоўская паведаміла, што асабліва намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка “шчыльна працуе з Міністэрствам унутраных спраў [і адміністрацыі Польшчы]”, узнімае балючыя для беларусаў пытанні.

“Я не кажу, што праблема вырашаная, яна ёсць, — сказала палітык. — І мы павінны разумець, што польскія ўлады не маюць устаноўкі не вырашаць гэтыя пытанні. Гэта пытанні законаў, яны патрабуюць часу”.

“Калі вы лічыце, што праблема вострая, задавайце пытанні праз медыя, праз парламентарыяў. Так вырашаюцца пытанні ў вольных краінах. Палітыкі ў кабінетах усё не вырашаць”, — звярнулася Ціханоўская да беларусаў.

Падзяліцца: