Мінск 22:58

Беларусь мае патрэбу ў гіганцкай пенсійнай рэформе і пакуль да яе зусім не гатовая — Львоўскі

Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі
Відэатрансляцыя канферэнцыі "Новая Беларусь" / стоп-кадр: "Позірк"

8 жніўня, Позірк. Беларусь мае патрэбу ў сур’ёзнай пенсійнай рэформе, заявіў на канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня ў Варшаве акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі.

Выплата пенсій, адзначыў ён, ёсць “галоўнай сацыяльнай палітыкай у Беларусі, якая змагаецца з беднасцю”. Пры гэтым пенсіянеры часцей за ўсё — гэта “людзі, якія не маюць іншых крыніц даходу”.

“Калі нехта збіраецца зніжаць пенсію або забраць пенсію, значыць усе гэтыя людзі хутка скочваюцца ў беднасць, — канстатаваў спікер. — Сёння маем ужо 26% насельніцтва — пенсіянераў. У дадатак да гэтага Беларусь — адна з краін-антылідэраў паводле тэмпаў зніжэння нараджальнасці. У 2016 годзе адна жанчына ў сярэднім нараджала 1,7 дзіцяці, у 2019-м — 1,4, у 2025-м — 1. Са школьных урокаў біялогіі нагадваю, што каб нарадзіць дзіця, патрэбныя два чалавекі. То бок у нас кожныя два чалавекі ў наступным пакаленні ператвараюцца ў аднаго”.

Пры захаванні цяперашніх тэндэнцый нараджальнасці і смяротнасці да канца гэтага стагоддзя ў краіне застанецца каля 3 млн беларусаў, заявіў Львоўскі. Пры гэтым калі цяпер на аднаго працаздольнага чалавека прыпадае 0,4 пенсіянера (“то бок чатыры пенсіянеры на дзесяць працоўных”), то бліжэй да канца стагоддзя будзе 1,1 пенсіянера на аднаго працоўнага.

“То бок працаздольнаму беларусу трэба будзе карміць вось сябе і яшчэ 1,1 пенсіянера. Не мае значэння, якая там будзе фіскальная сістэма, гэта вельмі дорага, — падкрэсліў акадэмічны дырэктар BEROC. — Бліжэй да канца стагоддзя трэба будзе аддаваць чвэрць ВУП толькі на падтрыманне пенсіі (калі, зноў жа, нічога не мяняць, калі цяперашнія тэндэнцыі не зменяцца). Ужо ў сярэдзіне стагоддзя гэта дойдзе да 16% ВУП, калі, зноў жа, зусім нічога не мяняць”.

“У гэтым плане мы абсалютна не маем выбару — праводзіць рэформу ці не праводзіць. Чвэрць ВУП толькі на пенсіянераў — гэта калапс па ўсіх франтах. Пытанне толькі ў тым, наколькі хутка, балюча ці бязбольна мы зможам зрабіць гэтую рэформу. Адносна бязбольна можна было б зрабіць рэформу гадоў 20 таму, калі мы яшчэ дэмаграфію мелі значна лепшую”, — канстатаваў ён.

Такім чынам, цяпер, паводле слоў Львоўскага, зусім бязбольна правесці пенсійную рэформу не атрымаецца. Ён адзначыў, што “хутчэй за ўсё, не абыдзецца без падвышэння пенсійнага ўзросту”, акрамя таго, неабходна “адвязваць пенсіі ад дэмаграфіі”.

“Гэта азначае перавод часткі пенсійных адлічэнняў на індывідуальныя інвестыцыйныя рахункі, — патлумачыў спікер. — Гэтыя індывідуальныя інвестыцыйныя рахункі маюць быць максімальна ізаляваныя ад дзяржавы — дрэннай дзяржавы, добрай дзяржавы, дэмакратычнай. [Дзяржава] не можа туды ніяк умешвацца, інакш гэтая рэформа проста ніяк не ўзляціць”.

Апрача гэтага неабходна “шмат працаваць над мабілізацыяй унутраных працоўных рук”, у прыватнасці, займацца пераразмеркаваннем працы, барацьбой з дыскрымінацыяй (“каб групы, якія дыскрымінуюцца ўнутры Беларусі, мелі большы доступ да рынку працы”), праводзіць палітыку, скіраваную на падвышэнне нараджальнасці, а таксама міграцыйную палітыку — “і па прыцягненні мігрантаў, і па памяншэнні эміграцыі”.

“Пакуль што ў нас хаця б матэматычна гэтая рэформа сыходзіцца. Калі б мы змаглі атрымаць вялікі крэдыт — 40 мільярдаў — пад стаўку росту ВУП, пад 2–3%, то гэтая рэформа нават сама б акупілася да канца стагоддзя, — сказаў ён. — Але зноў жа, гэта гіганцкае прадпрыемства. Каб увогуле казаць пра такія рэформы і крэдыты, трэба спачатку перабудова ўсяго. Трэба шмат даверу ўнутры краіны — паміж грамадзянамі і ўрадам, паміж урадам і гульцамі ў іншых краінах”.

“Так што гэтая рэформа… З аднаго боку, яе нельга пазбегнуць, з іншага боку, у гэты момант Беларусь зусім не гатовая да яе”, — падсумаваў Львоўскі.

Колькасць людзей у няволі дрэнна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю, наяўнасць палітвязняў моцна шкодзіць — Львоўскі

17 кастрычніка, Позірк. Ва ўмовах нізкай нараджальнасці высокі ўзровень зняволення патэнцыйна пагаршае дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі, вынікае са слоў акадэмічнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Льва Львоўскага. Высновы даследавання на гэтую тэму эканаміст прадставіў 17 кастрычніка ў Вільнюсе на канферэнцыі "Медыцына …
Падзяліцца: