Мінск 15:54

Мілінкевіч быў палітыкам, за якога ніколі не было сорамна — Ціханоўская

Фота: "Позірк"

22 жніўня, Позірк. У Аляксандра Мілінкевіча быў рэдкі талент яднаць людзей — тое, чаго так часта не хапае ў палітыцы, заявіла Святлана Ціханоўская на цырымоніі развітання з палітыкам і грамадзскім дзеячам 22 жніўня ў Варшаве.

“Ён быў тым палітыкам, за якога ніколі не было сорамна, на якога хацелася раўняцца”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Паводле слоў Ціханоўскай, для Мілінкевіча ніколі не было толькі “я” — было “мы”, было “разам”. “Ён не рваўся да пасадаў, — адзначыла дэмлідар. — Проста ішоў туды, дзе быў найбольш карысны і дзе мог дапамагчы агульнай справе. Праз гэту якасць яго часта называлі нашым Вацлавам Гаўлам (чэшскі дысідэнт, праваабаронца, апошні прэзідэнт Чэхаславакіі, першы прэзідэнт Чэхіі. — “Позірк”.)”.

На думку Ціханоўскай, у Мілінкевічы беларусы бачылі прыстойнага, адказнага лідара і іншую Беларусь — нармальную, несавецкую, еўрапейскую.

“Аляксандра Мілінкевіча было немагчыма не любіць. Ён быў чалавекам рэдкай інтэлігентнасці. Меў надзвычайную эмпатыю і павагу да кожнага. Умеў слухаць — і чуць. Памятаю, калі я да яго звярталася, ён заўсёды пачынаў з аднаго: “Чым магу дапамагчы?” І сапраўды дапамагаў — чым толькі мог”, — сказала Ціханоўская, у якой Мілінкевіч з верасня 2023 года быў пазаштатным дарадцам у пытаннях збліжэння Беларусі з Еўразвязам і вяртання Беларусі ў палітычную, культурную і каштоўнасную прастору Еўропы.

Паводле слоў дэмлідара, Мілінкевіч быў чалавекам глыбокай веры, падтрымліваў Касцёл, беларускіх вернікаў, асабліва тых, хто трапляў пад рэпрэсіі.

Ціханоўская нагадала, што пасля прэзідэнцкіх выбораў-2006 з дапамогай Польшчы Мілінкевіч распачаў праграму Каліноўскага, каб рэпрэсаваныя беларускія студэнты маглі атрымаць еўрапейскую адукацыю.

Мілінкевіч пайшоў з жыцця 11 жніўня ва ўзросце 79 гадоў. Ён будзе пахаваны на варшаўскіх вайсковых могілках “Павонзкі”.

Падзяліцца: