Мінск 11:22

За тыдзень у міліцыю паступіла больш за 2,2 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

7 верасня, Позірк. Каля 100 паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў паступіла ў міліцыю за мінулыя суткі, заявіла 7 верасня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, зарэгістравана “29 злачынстваў, здзейсненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”; “ініцыявана блакаванне фішынгавага інтэрнэт-рэсурсу (падробленыя гандлёвыя пляцоўкі, банкі або сэрвісы, неадрозныя ад сапраўдных)”; “заблакаваная магчымасць плацяжоў на адрас 9 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі”; “прыпыненыя расходныя аперацыі па 53 рахунках”.

Затрыманы кур’ер, “які працаваў у інтарэсах аферыстаў”.

Праведзены “Позіркам” аналіз зводак МУС паказаў, што з 1 верасня ў міліцыю паступіла больш за 2,2 тысячы паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў; затрымана дзевяць кур’ераў, у іх канфіскавана не менш за 53 тыс. рублёў.

Ведамства не паведамляе, якія санкцыі прымяняюцца ў дачыненні да кур’ераў. Акрамя таго, МУС не заўсёды інфармуе пра канфіскаваныя ў іх грошы: у штодзённых даных за 1–7 верасня сумы прыводзіліся толькі двойчы.

З 30 чэрвеня па 16 ліпеня ў міліцыю паступіла больш за 5 тыс. паведамленняў пра званкі тэлефонных махляроў, з 18 па 28 ліпеня — больш за 3,7 тыс. паведамленняў, з 28 ліпеня па 6 жніўня — больш за 2,5 тыс., з 7 па 16 жніўня — больш за 2.850 паведамленняў, за 18–31 жніўня — больш за 4,4 тыс.

Паводле даных МУС, доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня — траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%.

Паводле інфармацыі прадстаўніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта Леаніда Мельніка, у першай палове 2026 года колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам павялічылася на 16%.

У 2023 годзе, згодна з інфармацыяй ведамства, удзельная вага кіберзлачыннасці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень здзяйсняецца ў сярэднім 359 кіберзлачынстваў, або больш за 50 на дзень.

Падзяліцца: